Кітайскія машыны пачалі ламаць расейцам хрыбетнікі
39- 23.01.2025, 17:58
- 23,952
Небяспечныя аўто ёсць і на беларускім рынку.
Кітайскія пазадарожнікі Changan могуць знікнуць з расейскага аўтамабільнага рынка праз крытычны дэфект канструкцыі спінак крэслаў. Як піша Mash, праз недапрацоўку пацярпелыя ў аварыях кіроўцы і пасажыры атрымліваюць кампрэсійны пералом пазваночніка.
Гаворка ідзе пра мадэлі Uni-S, Uni-K і Uni-T. Мяркуючы з відэа канала, у Changan Uni-S, які атрымаў пры лёгкім ДТЗ сур'ёзныя пашкоджанні задняй часткі, таксама «ператварыліся ў жэле» спінкі пярэдніх крэслаў. Пацярпелыя накіравалі зварот у Нацыянальны аўтамабільны звяз (НАЗ) з просьбай арганізаваць праверку кітайскага аўто, якое, паводле звестак Mash, уваходзіць у пяцёрку самых папулярных у Расеі, піша The Moscow Times.
Як расказаў прэзідэнт НАЗ Антон Шапарын, любыя выпушчаныя на рынак РФ машыны папярэдне правяраюць на ўдаратрываласць і бяспеку. Гэта, аднак, не тычыцца спінак крэслаў толькі кузава. Шапарын накіраваў ліст кіраўніку Расстандарту. Калі бяспека сядзенняў не будзе пацверджаная, Uni-S могуць зняць з продажаў у Расеі.
У Changan Motors былі здзіўленыя паведамленнем пра праблемы са спінкамі ў іх аўтамабілях. «Мы ўважліва вывучылі відэа, апублікаванае без наяўнасці гуку, з пашкоджаным аўтамабілем Changan серыі CS55 Plus/Uni-S. На відэа адсутнічаюць дата, час і якія-небудзь апазнавальныя рэгістрацыйныя звесткі, як дзяржнумар ці VIN-нумар транспартнага сродку, каб ідэнтыфікаваць пэўны аўтамабіль і пэўны выпадак. Таксама не пададзеная гісторыя здарэння і якія-небудзь дэталі», – сказаў РБК.Autonews дырэктар дэпартамента пасляпродажнага абслугоўвання Changan Motors Rus Аляксей Андрыеўскі.
Уладальнік пашкоджанай машыны не звяртаўся ні ў прадстаўніцтва брэнду, ні да афіцыйнага дылера, дадалі ў Changan. Пры гэтым, паводле звестак вытворцы, летась не было афіцыйна зарэгістравана падобных выпадкаў дэфармацыі спінак пярэдніх крэслаў пры падобных пашкоджаннях задняй часткі аўтамабіля. Там адзначылі, што праводзяцца праверкі паводле сваіх каналаў.
Адзначым, што аўто маркі Changan ёсць і на беларускім рынку.