Нямеччына разгарнула сістэмы Patriot на польска-ўкраінскай мяжы
2- 23.01.2025, 18:39
- 4,490
Сістэмы СПА будуць бараніць ключавы аб'ект.
Нямеччына размясціла дзве батарэі СПА Patriot у аэрапорце Ясенка на ўсходзе Польшчы, які з'яўляецца крытычна важным вузлом для заходняй ваеннай і гуманітарнай дапамогі Украіне. Пра гэта ў чацвер, 23 студзеня, паведаміла агенцтва PAP.
Сярод іншага, міністр абароны Нямеччыны Барыс Пісторыюс сустрэўся са сваім польскім калегам Уладзіславам Касінякам-Камішам у польскім ваенным аэрапорце ў Ясенцы, паблізу Жэшува.
Нямецкая сістэма супрацьпаветранай абароны Patriot пачне працаваць у панядзелак (27 студзеня) і застанецца ў Польшчы цягам шасці месяцаў, сказаў Пісторыюс. Гэтую задачу раней выконвалі амерыканскія войскі, дадае PAP.
Выданне нагадвае, што зенітна-ракетныя комплексы Patriot былі размешчаныя ў Польшчы са студзеня да лістапада 2023 года. 320 салдатаў Бундэсвера абслугоўвалі гэтыя комплексы на дзвюх пляцоўках, размешчаных за 33 кіламетры ад украінскай мяжы.
Разгортванне такіх сістэмаў было ініцыяванае для абароны польскай паветранай прасторы пасля расейскага ракетнага ўдару, у выніку якога ў канцы 2022 года загінулі два чалавекі ў польскім сяле паблізу гэтага раёна.