24 студзеня 2025, Пятніца, 0:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь і В'етнам змянілі візавы рэжым

1
Беларусь і В'етнам змянілі візавы рэжым

Для беларусаў дзён знаходжання без візы стала менш.

Пагадненне аб узаемным прызнанні візаў Беларусь і В'етнам падпісалі яшчэ ў снежні 2023 года. Да студзеня 2025-га дакумент ратыфікавалі. Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце амбасады Рэспублікі Беларусь у В'етнаме. Цяпер грамадзянам В'етнама стане прасцей трапіць у Беларусь, а вось беларусам, наадварот, падарожнічаць можа стаць крыху больш складана.

Пагадненне пачне дзеянне 30 студзеня. Грамадзяне абедзвюх дзяржаваў змогуць знаходзіцца на тэрыторыі краінаў да 30 дзён за адну паездку. Пры гэтым агульны тэрмiн знаходжання не павiнен перавышаць 90 дзён цягам года.

Са жніўня 2023-га беларусы маглі знаходзіцца ў В'етнаме без візы 45 дзён. Да гэтага тэрмін бязвізавага знаходжання абмяжоўваўся 15 днямі. А вось у грамадзянаў В'етнама магчымасці патрапіць у Беларусь без візы раней не было.

Мы патэлефанавалі ў некалькі візавых агенцтваў, каб даведацца, на якіх умовах цяпер можна заехаць у В'етнам. На іх сайтах была пазначаная інфармацыя пра 45 дзён без візы для грамадзянаў Беларусі. Нам пацвердзілі, што з канца студзеня беларусы сапраўды змогуць знаходзіцца ў В'етнаме без візы не больш за 30 дзён запар. І падкрэслілі: асабліва ўважліва да зменаў варта паставіцца тым, хто ўжо скіраваўся зімаваць у азіяцкую краіну. Што да інфармацыі на сайце, яе проста яшчэ не паспелі абнавіць.

Тым, хто плануе заставацца ў В'етнаме даўжэй за названы тэрмін, могуць аформіць электронную візу (E-visa) – асабістая падача дакументаў у консульства неабавязковая. Яе можна адкрыць на тэрмін да трох месяцаў. Консульскі збор за аднаразовую электронную візу складае $25, за шматразовую – $50. За дапамогу ў яе афармленні візавыя агенцтвы запытваюць 150 беларускіх рублёў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках