Майкл Блумбэрг прафінансуе кліматычны орган ААН пасля выхаду ЗША
14- 23.01.2025, 20:49
- 3,210
ЗША звычайна забяспечваюць 22% бюджэту сакратарыяту РКЗК ААН.
Фонд мільярдэра Майкла Блумбэрга, заснавальніка агенцтва Bloomberg, возьме ўдзел у фінансаванні органа ААН пра змену клімату пасля выхаду ЗША з Парыжскай дамовы. Пра гэта паведамляе NDTV World.
Мэта Блумберга – забяспечыць поўнае фінансаванне Рамачнай канвенцыі ААН (РКЗК ААН) пасля спынення ўнёскаў ЗША.
Злучаныя Штаты звычайна забяспечваюць 22% бюджэту сакратарыяту РКЗК ААН, адзначае выданне. Аперацыйныя выдаткі гэтага органа на 2024–2025 гады прагназуюцца памерам $96,5 млн.
Гэта ўжо другі раз, калі мільярдэр умешваецца такім чынам. У 2017 годзе, пасля першага выхаду адміністрацыі Трампа з Парыжскага пагаднення, Блумберг паабяцаў вылучыць да $15 млн на падтрымку РКЗК ААН. У 2021-м, калі прэзідэнтам стаў Джо Байдэн, ЗША вярнуліся да пагаднення.
Раней Трамп заявіў, што, як і ў свой першы тэрмін (2017–2021), выведзе ЗША з пагаднення пра клімат.
Парыжскае пагадненне пра клімат было прынятае 12 снежня 2015 года ў сталіцы Францыі. Ягоная мэта – утрымаць рост сярэдняй тэмпературы на планеце ў межах 1,5–2°C у адносінах да адпаведнага паказніку даіндустрыяльнай эпохі. Пагадненне прадугледжвае скарачэнне выкідаў парніковых газаў і вылучэнне краінам, якія развіваюцца, $100 млрд на год для развязання экалагічных праблемаў.