«Калі вы гледзіце гэтае відэа, то маёй крамы больш няма»
21- 24.01.2025, 17:34
- 15,892
Уладальніца сэконду з райцэнтра зачынілася і звярнулася да прадпрымальнікаў.
Памятаеце дзяўчыну з Дзяржынска, якая вяла маленькі бізнэс – прадавала сэканд-хэнд і хвалявалася, што краму давядзецца зачыніць? З канца 2023 года беларуска спрабавала выраўнаваць сітуацыю, падавалася нават, што справы ўжо наладжваюцца. Аднак напярэдадні прадпрымальніца паведаміла ў TikTok, што краму яна зачыніла, а сама шукае працу, піша «Люстэрка».
Нагадаем, жыхарка Дзяржынска Лера ў 2023 годзе адчыніла ў сваім горадзе краму для продажу адзення сэканд-хэнд, у бізнэс яна ўклала ўсе свае грошы. Дзяўчына ўсім займалася сама: рамантавала гандлёвае памяшканне, была кладаўшчыцай, прыбіральніцай, прадавачкай, касіркай і паштаркай (некаторыя заказы яна адпраўляла пакупнікам поштай). Нягледзячы на ўсе намаганні, продажы ішлі не асабліва жвава.
Прадпрымальніца тады задумвалася, каб згарнуць свой бізнэс, так і не адбіўшы выдаткі на яго запуск.
Аднак праз год справы сталі лепшыя, і крама пераехала ў іншае месца – больш прасторнае, з добрай праходнасцю. Паралельна гаспадыня пашырыла асартымент – стала прадаваць аксэсуары для свойскіх жывёлаў. Дзяўчына была актыўная ў інтэрнэце – рабіла фота і відэаагляды тавару.
Але 23 студзеня бізнэсвумэн выклала ў TikTok новы ролік, у ім яна паведаміла, што зачыніла сваю стацыянарную краму.
– Калі вы глядзіце гэтае відэа, то маёй крамы больш няма. Мы прынялі такую пастанову, бо зразумелі, што на гэтым этапе для нас няма сэнсу ў афлайн-краме. Многія з вас бачаць, што маркетплейсы і інтэрнэт-гандаль выцясняюць маленькія крамкі, якія знаходзяцца дзесьці ў вас у горадзе, – расказала блогерка.
Лера паведаміла, што канчаткова бізнэс яна пакуль не згортвае – пераходзіць у анлайн-гандаль. Праўда, яна не ведае, як доўга будуць ісці такія продажы, – пакажа час.
– Хтосьці можа сказаць, што мы не справіліся, але я з гэтым не пагаджуся, таму што ўсё, што патрабавалася ад мяне, я зрабіла. <…> А тым, хто цяпер займаецца бізнэсам, я хачу сказаць, што не трэба ніколі апускаць рукі. Проста трэба сачыць за тым, як мяняецца свет, што адбываецца вакол вас, і падладжвацца.
У каментарах пад ролікам прадпрымальніца адзначыла, што ўжо блізу года анлайн-продажы ў яе прасоўваюцца, а вось у краму людзі не ходзяць. Яна патлумачыла, што стацыянарны гандлёвы пункт зачыняецца з «не вельмі вялікім мінусам», таму мяркуе, што ўсё ідзе нядрэнна. Цяпер Лера шукае для сябе новую працу ў найманні.
Гледачы відэа пісалі дзяўчыне водгукі з падтрымкай. Нехта з іх адзначаў, што нядаўна таксама зачыніў свой бізнэс, таму што займацца ім цяпер вельмі складана.
@asmikweb Задавайте вопросы) #магазинодежды #беларусь #малыйбизнесвбеларуси #закрыласвоймагазин ♬ оригинальный звук - asmikweb