Найбуйнейшы НПЗ «Раснафты» спыніў адгрузкі
7- 24.01.2025, 18:23
- 8,100
Пасля паспяховага ўдару ўкраінскіх дронаў.
Разанскі нафтаперапрацоўчы завод «Раснафты», які ўваходзіць у топ-5 найбуйнейшых у Расеі і забяспечвае палівам у тым ліку маскоўскі рэгіён, спыніў адгрузкі, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў галіне.
У ноч на пятніцу завод магутнасцю 13,7 млн тонаў нафты за год стаў мішэнню масаванага налёту ўкраінскіх дронаў, у якім, паводле звестак Мінабароны, былі задзейнічаныя больш як 120 БПЛА. У выніку на прадпрыемстве ўзнік пажар на эстакадзе чыгуначнага наліву паліва, расказалі крыніцы Reuters: загарэўся рэзервуар на 20 тысячаў тонаў паліва і пацярпелі іншыя ёмістасці.
У выніку наліў паліва з завода давялося прыпыніць, расказала крыніца, знаёмая з працай прадпрыемства. Паводле словаў іншага суразмоўцы Reuters, таксама загарэлася ўстаноўка гідраачысткі авіягазу, якая забяспечвала 100% магутнасцяў завода ў гэтым відзе паліва.
Пажар можа прывесці да скарачэння або поўнага прыпынення чыгуначных паставак нафтапрадуктаў з завода, якія складаюць блізу 30 тысячаў тонаў за дзень, сказала трэцяя крыніца Reuters: «Цяпер яшчэ няма яснасці. Пасля ліквідацыі пажару вызначацца страты і наступствы. Папярэдне будуць затрымкі з адгрузкамі».
Летась Разанскі НПЗ – найбуйнейшы завод «Раснафты», на які прыпадае 5% усёй нафтапеработкі ў краіне, – двойчы трапляў пад атакі БПЛА. У сакавіку на заводзе загарэліся дзве ўстаноўкі перапрацоўкі нафты, пасля чаго НПЗ на тры тыдні рэзка знізіў выпуск бензіну і дызпаліва. У траўні ўзнік пажар на яшчэ адной устаноўцы завода, аднак істотных стратаў агонь не прычыніў.