Віцебскі блогер «раскруціўся» дзякуючы турэмным гісторыям з маладосці
7- 25.01.2025, 9:06
- 11,558
Цяпер яму пагражае новы тэрмін.
Віцебскі блогер Віктар Еўшыкаў, вядомы сваімі аповедамі пра турэмнае жыццё, зноў трапіў у цэнтр скандалу: цяпер ён абвінавачваецца паводле артыкула аб незаконным звароце наркотыкаў, піша тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!».
Еўшыкаў, як ён сам гаворыць у сваіх відэа, не з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, але з 18 да 25 гадоў адбываў у нашай краіне пакаранне за распаўсюджванне наркотыкаў. За ўзорныя паводзіны яму скарацілі тэрмін, і пасля вызвалення ён асеў у Віцебску.
Маладосць, праведзеная за кратамі, дала блогеру матэрыял для кантэнту: ён дзяліўся гісторыямі пра турэмны побыт, што дапамагло яму прывабіць вялікую аўдыторыю ў сацсетках. На гэты момант у яго больш за 30 тысячаў падпісчыкаў у TikTok, амаль 18 тысячаў – у Instagram, а аўдыторыя тэлеграм-канала перавысіла 3 тысячы чалавек.
Увосень летась Еўшыкава зноў пачалі дапытваць у Следчым камітэце. Блогер тады не назваў артыкул, і шматлікія карыстальнікі палічылі ягоныя намёкі спробай хайпу. Аднак справа аказалася рэальнай – Віктар стаў падазраваным, а потым абвінавачаным паводле артыкула аб незаконным звароце наркотыкаў (ч. 1 арт. 328 КК).
Чарговае паседжанне суда ў ягонай справе адбылося 24 студзеня, аднак праз адсутнасць аднаго са сведкаў слуханне перанеслі на люты.
Як адзначае тэлеграм-канал, гэты выпадак можа стаць унікальным для беларускай блогасферы: чалавек, які пабудаваў кантэнт на турэмных гісторыях, рызыкуе зноў апынуцца ў калоніі і, магчыма, забяспечыць сабе новыя сюжэты.