27 студзеня 2025, панядзелак, 7:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паўночны магнітны полюс Зямлі зноў зрушыўся

13
Паўночны магнітны полюс Зямлі зноў зрушыўся

Цяпер ён бліжэй да Сібіры.

Паўночны магнітны полюс Зямлі прадаўжае рухацца ў бок Расеі. Навукоўцы апублікавалі новую мадэль, якая адсочвае яго становішча, выявіўшы, што полюс цяпер бліжэй да Сібіры, чым пяць гадоў таму.

Пра гэта піша CNN. У адрозненне ад геаграфічнага паўночнага полюса, які мае фіксаванае месцазнаходжанне, становішча паўночнага магнітнага полюса вызначаецца магнітным полем Зямлі, якое ўвесь час рухаецца.

«За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў рух магнітнай поўначы быў беспрэцэдэнтным – ён рэзка паскорыўся, а потым рэзка запаволіўся, хоць навукоўцы не могуць растлумачыць асноўную прычыну незвычайных паводзінаў магнітнага поля», – сказана ў артыкуле.

Глабальныя сістэмы пазіцыянавання, у тым ліку выкарыстоўваныя самалётамі і караблямі, знаходзяць магнітную поўнач з дапамогай Сусветнай магнітнай мадэлі (WMM). Яна была распрацаваная Брытанскай геалагічнай службай і Нацыянальнай управай акіянічных і атмасферных даследаванняў ЗША. Гэтая мадэль адзначае ўсталяванае становішча магнітнай поўначы і прагназуе будучы дрэйф на аснове траекторыі за апошнія некалькі гадоў.

Каб захаваць дакладнасць вымярэнняў GPS, кожныя пяць гадоў даследнікі пераглядаюць мадэль, скідаючы афіцыйнае становішча магнітнай поўначы і ўводзячы новыя прагнозы датычна ягонага руху на наступныя пяць гадоў.

«Вялікія авіякампаніі абновяць навігацыйнае праграмнае забеспячэнне для ўсяго свайго парку самалётаў, каб загрузіць яго ў новую мадэль, а вайскоўцам у NATO трэба будзе абнавіць праграмнае забеспячэнне ў вялікай колькасці складаных навігацыйных сістэмаў для ўсіх відаў абсталявання», – сказаў доктар Уільям Браўн, геафізік і даследнік геамагнетызму з Брытанскай геалагічнай службы.

У 1990 годзе рух паўночнага магнітнага полюса паскорыўся, павялічыўшыся з 15 кіламетраў за год да 55 кіламетраў за год. Гэты зрух быў беспрэцэдэнтным, адзначаюць навукоўцы. А прыкладна ў 2015 годзе дрэйф запаволіўся да 35 кіламетраў за год. Хуткае запаволенне таксама было беспрэцэдэнтным, так што да 2019 года ваганні настолькі адхіліліся ад папярэдняй мадэлі, што навукоўцы абнавілі яе на год раней.

Навукоўцы чакаюць, што дрэйф у бок Расеі будзе прадаўжаць запавольвацца, хоць, паводле словаў Браўна, ёсць пэўная нявызначанасць датычна таго, як доўга будзе прадаўжацца запаволенне і ці будзе яно прадаўжацца цяперашнімі тэмпамі.

«Гэта можа змяніць сваю хуткасць ці нават зноў паскорыцца. Мы будзем прадаўжаць сачыць за сітуацыяй і ацэньваць прадуктыўнасць WMM, але мы не чакаем, што трэба будзе выпусціць новую мадэль да запланаванага абнаўлення ў 2030 годзе», – сказаў ён.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках