СМІ: Расея атакавала азербайджанскі самалёт «Панцырам» з Сірыі
7- 25.01.2025, 18:37
- 36,804
З'явіліся новыя дэталі катастрофы борта «Азербайджанскіх авіяліній».
Борт быў падбіты расейскай сістэмай СПА. Пра гэта паведаміла азербайджанскае выданне (Caliber.Az, спасылаючыся на дакладныя крыніцы, якія знаёмыя з ходам расейскага расследавання.
«Паветранае судна было збітае сістэмай СПА “Панцыр С-1”. Гэтая ўстаноўка была дастаўлена ў Расею з Сірыі. Таксама (...) расейскае следства пацвердзіла ўжыванне супраць азербайджанскага самалёта сродкаў РЭБ, што прывяло да вываду са строю сістэмы кіравання паветраным суднам», – напісала выданне.
Журналісты сцвярджаюць, што ім вядомыя таксама імёны вайскоўцаў УС РФ, якія ўдарылі па самалёце. Іх плануюць раскрыць пазней «у патрэбны час».
Рэсурс сцвярджае, што Масква, спрабуючы апраўдацца за гэты ўдар, стварае мноства «альтэрнатыўных версій», што здарылася.
25 снежня 2024 года самалёт Embraer E190 авіякампаніі «Азербайджанскія авіяліні» (AZAL), які выконваў рэйс з Баку ў Грозны, пацярпеў крушэнне паблізу аэрапорта Актау у Казахстане.
На борце знаходзіліся 67 чалавек, з якіх 38 загінулі, а 29 атрымалі раненні.
Паводле папярэдніх звестак расследавання, самалёт быў падбіты расейскай зенітнай ракетай падчас актыўнасці беспілотнікаў над Грозным.
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў абвінаваціў Расею ва ўтойванні сапраўдных прычынаў катастрофы і запатрабаваў прызнаць адказнасць за тое, што адбылося.
У адказ дыктатар РФ Уладзімір Пуцін прынёс прабачэнні за «трагічны інцыдэнт». Пасля інцыдэнту «Азербайджанскія авіялініі» прыпынілі палёты ў 10 гарадоў Расеі.