ISW: Пуцін сігналізуе расейцам, што не будзе ўдзельнічаць у мірных перамовах
31- 25.01.2025, 11:40
- 17,034
Прынамсі ў найбліжэйшай будучыні.
Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін падчас інтэрв'ю на дзяржаўнай тэлевізіі заявіў, што Расея наўрад ці будзе ўдзельнічаць у мірных перамовах у найбліжэйшы час.
Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
24 студзеня, падчас інтэрв'ю крамлёўскаму прапагандысту Паўлу Зарубіну асноўны акцэнт у выступе Пуціна быў накіраваны на тое, каб даць зразумець расейскаму грамадству, што вайна будзе прадаўжацца. Ён падкрэсліў, што Расея наўрад ці будзе ўдзельнічаць у мірных перамовах у найбліжэйшай будучыні, а агрэсія Расеі супраць Украіны з'яўляецца часткай шырэйшага канфлікту паміж Расеяй і Захадам.
«Пуцін, верагодна, выкарыстоўвае інтэрв'ю з Зарубіным на расейскай дзяржаўнай тэлевізіі, каб даць сігнал расейскаму грамадству, што Расея наўрад ці будзе ўдзельнічаць у мірных перамовах у найбліжэйшай будучыні і што вайна наўрад ці скончыцца ў найбліжэйшы час».
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны мяркуюць, што гэтым інтэрв'ю Пуцін таксама хацеў паўплываць на расейскія эліты, якія імкнуцца да заканчэння вайны. Ягоны мэсыдж павінен пераканаць іх у тым, што ніякіх хуткіх шляхоў дасягнення міру не будзе.
Гэтая заява чарговы раз дэманструе нязменную пазіцыю Пуціна, які прасоўвае наратыў, што Украіна з'яўляецца марыянеткай Захаду, а канфлікт з'яўляецца часткай глабальнага супрацьстаяння вялікіх дзяржаваў. Акрамя таго, расейскі кіраўнік мяркуе, што перамовы пра вайну ва Украіне могуць быць дасягнутыя толькі паміж ЗША і Расеяй, без прамога ўдзелу Украіны, пішуць у сваёй справаздачы аналітыкі.
Пуцін таксама чарговы раз паставіў пад сумнеў легітымнасць Зяленскага як дзейнага прэзідэнта Украіны.
Падчас інтэрв'ю Пуцін спрабаваў пазіцыянаваць сябе як роўнага Дональду Трампу, падмацоўваючы сваё даўняе перакананне, што Расея з'яўляецца вялікай дзяржавай – спадчынніцай Савецкага Саюза.