Кіраўнік МУС Эстоніі: Гэты крок параўнаем з уступленнем у шэнген або ЕЗ
2- 25.01.2025, 12:26
- 5,258
8 лютага энэргасістэмы краінаў Балтыі адключацца ад злучэння з сеткамі Расеі і Беларусі.
Падчас дэсінхранізацыі эстонскай энэргасістэмы ад расейскай магчымыя правакацыі з боку суседняй краіны, мяркуе Лаўры Ляэнэметс.
«Мы павінны памятаць, што сінхранізацыя з Еўропай – гэта важны крок, які разрывае сувязь з Расеяй. Яна ліквідуе значную залежнасць і магчымасць уплыву, фактычна ліквідуючы апошні “канат”, якая злучае нас з усходам. Чыгуначныя зносіны ўжо адсутнічаюць, а эканамічная залежнасць зведзеная да мінімуму. У энэргетычнай сферы гэтая падзея параўнальная значнасцю з уступленнем Эстоніі ў Шэнген ці ЕЗ. Прычым гэты крок Эстонія робіць разам з Латвіяй і Літвой. Пры гэтым наш усходні сусед нікуды не дзенецца», – цытуюць у суботу, 25 студзеня, Лаўры Ляэнэметса радыёнавіны ERR.
Паводле ягоных словаў, пераключэнне падрыхтаванае старанна, і для людзей яно пройдзе незаўважна.
«Аднак у гэты перыяд энэргазабеспячэнне Эстоніі будзе больш уразлівым, і наш сусед можа паспрабаваць скарыстацца сітуацыяй. Мы павінны быць гатовыя да магчымых гібрыдных пагрозаў – ад кібератак да фізічнага ўмяшання, а таксама да распаўсюджвання дэзынфармацыі. Магчымыя нават спробы пашкодзіць энэргетычную інфраструктуру, – заявіў міністр.
«Гэтыя папярэджанні не для запалохвання, а для таго, каб падкрэсліць: паліцыя і іншыя службы бяспекі праводзяць паралельныя мерапрыемствы для забеспячэння парадку і прадухілення інцыдэнтаў падчас дэсінхранізацыі», – сказаў на заканчэнне Лаўры Ляэнэметс.
Як пісаў Rus.ERR, 8 лютага энэргасістэмы краінаў Балтыі адключацца ад злучэння з сеткамі Расеі і Беларусі. Злучэнне, ці сінхранізацыя, з сеткавай частатой кантынентальнай Еўропы адбудзецца на наступны дзень, 9 лютага.