Вызваленыя закладніцы прыбылі ў Ізраіль
- 25.01.2025, 14:45
- 3,716
Першасная медыцынская праверка паказала, што яны здаровыя.
25 студзеня вызваленыя закладніцы Даніэла Гільбоа, Карын Арыеў, Наама Леві і Ліры Эльбаг прыбылі ў Ізраіль. Першасная медыцынская праверка паказала, што яны здаровыя, паведамляюць «Дэталі».
У прэс-службе ЦАХАЛу паведамілі: «Нядаўна вернутыя ў суправаджэнні сілаў ЦАХАЛу і ШАБАКу перасеклі мяжу Дзяржавы Ізраіль і цяпер накіроўваюцца ў пункт прыёму ў наваколлях сектару Газа, дзе сустрэнуцца са сваімі бацькамі».
Прэс-сакратар ЦАХАЛу Даніэль Хагары пракаментаваў вызваленне закладніцаў: «Яны ў надзейных руках, яны на шляху дадому. Мы чакалі гэтага моманту. Народ Ізраіля чакаў гэтага моманту. Цяпер яны прыбылі ў пункт прыёму ў Рэіме, каб сустрэцца з бацькамі».
У міністэрстве кіраўнікі ўраду заявілі: «Урад Ізраіля вітае чатырох жанчынаў-вайсковак ЦАХАЛу, якія вярнуліся з палону. Іх сем'і былі праінфармаваныя ўпаўнаважанымі органамі, што яны сустрэліся з нашымі сіламі. Урад Ізраіля абавязуецца вярнуць усіх выкрадзеных і зніклых без вестак асобаў».