У Беларусі доля прыродных ахоўных тэрыторый адна з самых нізкіх у Еўропе
8- 25.01.2025, 18:49
- 3,020
Ствараць новыя нацыянальныя паркі ці запаведнікі не жадаюць.
У Беларусі распрацаваны праект Схемы рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) рэспубліканскага значэння да 2035 года. На яго звярнуў увагу і вывучыў "Экадом", паведамляе "Еўрарадыё".
Згодна з праектам, да 2035 года агульная плошча ААПТ павялічыцца з 7% да 7,5%, а агульная доля ахоўных тэрыторый (з улікам рэгіянальных ААПТ) вырасце з 9,1% да 9,6% ад тэрыторыі краіны.
Гэтыя паказчыкі застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе і значна адстаюць ад мэт Куньмінска-Манрэальскай рамачнай праграмы, згодна з якой да 2030 года ахоўнымі павінны стаць 30% сушы і марскіх акваторый планеты.
Экспэрты "Экадома" звяртаюць увагу, што ў Беларусі не плануецца стварэння новых нацыянальных паркаў або запаведнікаў. Апошні нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" быў заснаваны яшчэ 29 гадоў таму.
У Нацыянальным парку "Нарачанскі" паказалі дзіўны падводны свет вадаёмаў
У найбліжэйшыя гады павелічэнне плошчы ААПТ адбудзецца за кошт пераўтварэння статусаў існых аб'ектаў. Напрыклад, з 98 рэспубліканскіх заказнікаў будзе рэарганізавана 32, а 12 мясцовых заказнікаў атрымаюць рэспубліканскі статус.
Экалагічныя арганізацыі, якія раней удзельнічалі ў абмеркаваннях падобных праектаў, былі ліквідаваныя пасля 2020-га года, што фактычна выключае грамадскі ўплыў на прыняцце рашэнняў. Праз гэтага не было шырокай дыскусіі вакол праекту, прапанаванага для абмеркавання ў 2024 годзе.
Балоты як сыравінны рэсурс
Некаторыя прапановы па пашырэнні заказнікаў былі адхіленыя, падкрэслівае "Экадом". Спроба павялічыць плошчу рэспубліканскіх заказнікаў "Марочна" і "Стары Жадэн" была адхіленая, бо балоты застаюцца сыравіннай базай для прадпрыемстваў.
Пытанне павышэння прыродаахоўнага статусу такіх аб'ектаў, як Альманскія балоты, таксама застаецца без руху.
Гісторыя росту і заняпаду
З моманту прыняцця першай схемы ААПТ у 2006 годзе плошча ахоўных тэрыторый павялічылася ўсяго з 8,3% да 9,1%. Гэты ўзровень быў дасягнуты толькі ў 2015 годзе, але потым назіраліся перыяды скарачэння плошчаў ААПТ.
У выніку, нягледзячы на важнасць ААПТ для захавання біяразнастайнасці і выканання міжнародных абавязанняў, Беларусь дэманструе кансерватыўны падыход. Запаведныя зоны ствараюцца пераважна "на паперы".