Экспэрт: РФ рызыкуе застацца без нафтадаляраў ужо сёлета
2- 25.01.2025, 18:58
- 4,784
Расея і так гадамі скарачала нафтаздабычу праз знясіленне радовішчаў, а зараз дадаліся знешнія фактары.
Расея рызыкуе сутыкнуцца з каласальным падзеннем нафтавых даходаў праз бесперапынных удараў па НПЗ і пагроз новага прэзідэнта ЗША абваліць сусветныя цэны чорнага золата. Аб гэтым піша ўкраінскі вайскова-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка.
Аналітык адзначае, што пагрозы Трампа заліць рынак нафтай не з'яўляюцца нечым экстраардынарным. Больш за тое, гэтыя планы, імаверна, будуць рэалізаваны незалежна ад таго, пойдзе Расея на мірныя перамовы па Украіне, ці не.
Каваленка нагадаў, што падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміна Трамп таксама праводзіў палітыку, якая прывяла да значнага зніжэння коштаў нафты. Асабліва ўражлівым быў абвал коштаў у красавіку 2020 года на фоне глабальнага локдаўна праз эпідэмію каранавіруса.
Тады расейская нафта гатунку Urals упершыню з 1990-х гадоў апусцілася ў кошце ніжэй за $14 за барэль, г.зн. ніжэй за сабекошт. Тады ж Расея была вымушана запячатаць шэраг сваіх свідравін. І гэта пры тым, што нафтаздабыча ў РФ і так планамерна скарачалася ўсе апошнія гады і склала 6 млн барэляў у дзень у 2018-19 гадах у параўнанні з 11 млн барэляў у першыя гады кіравання Пуціна.
Цяпер, акрамя аб'ектыўнага знясілення радовішчаў і немагчымасці распрацоўваць новыя праз заходнія тэхналагічныя санкцыі, расейская нафтавая галіна пакутуе і ад сістэматычных удараў украінскіх дронаў.
- Калі ўдары працягнуцца з такой жа інтэнсіўнасцю і рэзультатыўнасцю, страты расейскай нафтаперапрацоўчай галіны ў найбліжэйшыя паўгода перавысяць 30%! І вось, на фоне ўсяго вышэй агучанага ўявім сабе абвал коштаў нафты, напрыклад, да ўзроўню $45 за барэль, - піша Каваленка.