«Для Лукашэнкі небяспечна браць «ільготны крэдыт» у Кітая»
5- 25.01.2025, 19:48
- 9,514
Аналіз экспэрта.
Беларускія ўлады збіраюцца ўзяць "ільготны крэдыт" у Кітаі. Адпаведная пастанова апублікавана на прававым інтэрнэт партале Pravo.by.
Адказваць за правядзенне перамоў і падпісанне пагаднення будзе Міністэрства фінансаў. У той жа час мэта, сума і іншыя звесткі аб крэдыце ў дакуменце не ўдакладняюцца.
Як адзначыла ў сваім каментары для "Белсата" кіраўніца ўсходнеазіяцкага прадстаўніцтва Ліберальна-дэмакратычнай лігі Украіны Марыя Макаравіч, у Кітаі існуе практыка даваць крэдыты на заведама стратныя праекты - такія, за якія краіны ніколі не змогуць разлічыцца і будуць вымушаны выплачваць не толькі сам крэдыт, але і штрафы і пені.
"Кітай большы крэдытор, чым МВФ. Амаль кожны трэці праект, які яны крэдытуюць, заведама стратны. Такім чынам яны ўзмацняюць свой уплыў і могуць ціснуць на краіны што да змякчэння ўмовы аплаты ці наадварот", - заўважыла Марыя Макаравіч.
Экспэрт адзначыла, што не мае звестак аб тым, які крэдыт збіраецца браць Беларусь у Кітая, але заўважыла, што ў цэлым крэдыт ад Кітая - гэта "дрэнная, небяспечная для эканомікі і бяспекі ідэя".
Марыя Макаравіч падкрэсліла, што любыя пагадненні з кітайскімі крэдыторамі і інвестарамі змяшчаюць пункты аб невыдаванні і канфідэнцыйнасці інфармацыі.
"Гэта значыць сачыць за такімі праектамі і рухам грошай у іх складана праз адсутнасць інфармацыі, якая не публікуецца. Гэта дадаткова правакуе з'яўленне большай колькасці карупцыйных кейсаў з боку краіны, якая атрымлівае крэдыт. Бо грамадства не зможа эфектыўна кантраляваць гэтыя грошы і выдатк", - заўважыла кіраўніца ўсходнеазіяцкага прадстаўніцтва Ліберальна-дэмакратычнай лігі Украіны.