27 студзеня 2025, панядзелак, 1:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сігнал для ўсяго рэгіёну

1
Сігнал для ўсяго рэгіёну
Петр Олещук

Пратэсты ў Славаччыне маюць важнае значэнне.

24 студзеня 2025-га года ў Браціславе пачаліся масавыя пратэсты супраць урада Роберта Фіцо. Тысячы людзей выйшлі на вуліцы, выказваючы незадаволенасць палітыкай новага прэм'ер-міністра, які заняў пасаду пасля перамогі на выбарах 2023 года.

Гэтыя пратэсты сталі важнай падзеяй не толькі для Славаччыны, але і для Еўропы, уключаючы Украіну, бо курс Фіцо выклікае трывогу ў міжнароднай супольнасці.

Асноўнай прычынай пратэстаў стала збліжэнне Роберта Фіцо з Расеяй і яго крытыка заходніх санкцый супраць Масквы. Прэм'ер-міністр адкрыта заявіў аб неабходнасці скасавання санкцый, што выклікала абурэнне сярод значнай часткі насельніцтва, асабліва маладзёнаў і прадстаўнікоў апазіцыі, якія падтрымліваюць еўрапейскі курс Славаччыны.

Нядаўна Фіцо пабываў у Маскве, дзе спрабаваў заручыцца падтрымкай расейскага дыктатара Пуціна ў пытаннях падаўжэння транзіту расейскага газу праз Украіну. Раней перапродаж расейскага газу, які даставаўся яму зніжаным коштам, быў важным складнікам асабістых даходаў славацкага прэм'ера.

Акрамя таго, Фіцо неаднаразова выступаў з рэзкімі заявамі супраць паставак зброі Украіне і падкрэсліваў неабходнасць «нейтралітэту» Славаччыны ў вайне паміж Расеяй і Украінай. Гэтыя заявы былі ўспрынятыя шматлікімі як здрада праеўрапейскім каштоўнасцям, за якія краіна змагалася ў апошнія дзесяцігоддзі.

Усё гэта не магло не сфармаваць пратэстных настрояў.

Эканамічная сітуацыя таксама адыграла сваю ролю. Нягледзячы на абяцанні палепшыць сацыяльную палітыку, дзеянні новага ўрада ўзмацнілі эканамічны націск на грамадзян. Падвышэнне коштаў энэрганосьбітаў і зніжэнне сацыяльнай падтрымкі пагоршылі незадаволенасць насельніцтва.

Урад Фіцо, замест пошуку кампрамісаў, абраў тактыку ўзмацнення кантролю. Былі ўведзеныя новыя абмежаванні на свабоду сходаў, што толькі ўзмацніла пратэстныя настроі. Таксама пачаліся расследаванні супраць шэрагу лідараў апазіцыі і журналістаў, якія крытыкавалі ўладу.

Прэм'ер-міністр у сваіх выступах абвінаваціў апазіцыю і вонкавыя сілы ў спробе «дэстабілізаваць краіну». Аднак такія заявы толькі ўзмацнілі падазрэнні ў тым, што ўрад рухаецца ў бок аўтарытарызму.

Цікава, што запалохванне славакаў «майданам» было падтрыманае цяперашняй прарасейскай уладай Грузіі, дзе ва ўрадзе таксама казалі пра нейкую «партыю вайны», якая нібыта рыхтуе ўсюды «майданы».

Відавочна, што, у адрозненне ад Грузіі, Фіцо не можа сабе дазволіць арганізацыю адкрытага разгону пратэстаў. Хоць і відавочна, што ён, разам з лідарам Вугоршчыны Орбанам відавочна спрабуюць сфармаваць ва Усходняй Еўропе «пояс аўтакратый», абапіраючыся на падтрымку Расеі і Кітая. Усё гэта выводзіць сітуацыю ў Славаччыне далёка за межы лякальных гістарычных працэсаў.

Пратэсты ў Славаччыне маюць важнае значэнне для Украіны. Прыход да ўлады Роберта Фіцо аслабіў праўкраінскую кааліцыю ў Цэнтральнай Еўропе. Яго заявы аб спыненні вайсковай дапамогі Кіеву і збліжэнне з Расеяй выклікаюць занепакоенасць, бо Славаччына з'яўляецца сябрам ЕЗ і НАТА. Калі курс Фіцо захаваецца, гэта можа аслабіць санкцыйны ціск на Расею і паставіць пад пагрозу адзінства заходніх краін у падтрымцы Украіны.

Цікава, што на фоне палітычнай нестабільнасці ў Славаччыне, у суседняй Вугоршчыне набірае папулярнасць партыя апазіцыянера Мадзьяра «Ціса». Упершыню за доўгі час тамака з'явіліся палітыкі, здольныя кінуць выклік Орбану. У канчатковым рахунку, неўзабаве будзе вядома: ці ў Славаччыне і Вугоршчыне ўмацуюцца аўтарытарныя тэндэнцыі, ці пасля аўтакратычнага «рэнесансу» там можа азначыцца вяртанне да дэмакратычных каштоўнасцяў.

Для Еўропы пратэсты ў Славаччыне сталі напамінам аб неабходнасці абароны дэмакратычных каштоўнасцей і праеўрапейскага курса. Калі славацкія пратэсты прывядуць да адстаўкі ўрада Фіцо ці да зменаў у ягонай палітыцы, гэта стане сігналам для іншых краін рэгіёна, дзе ўзмацняюцца папулісцкія і прарасейскія настроі.

Пратэсты ў Браціславе сведчаць пра глыбокія ўнутраныя супярэчнасці ў Славаччыне. Палітыка Роберта Фіцо, накіраваная на збліжэнне з Расеяй і паслабленне падтрымкі Украіны, выклікала хвалю незадаволенасці, якая можа паўплываць на стабільнасць у рэгіёне. Ад таго, як урэгуоюецца гэты крызіс, залежыць не толькі будучыня Славаччыны, але і баланс сіл у Цэнтральнай Еўропе, што робіць сітуацыю вельмі важнай для міжнароднай супольнасці.

Пятро Аляшчук, прафесар Кіеўскага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, спецыяльна для сайта Charter97.org

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках