Bloomberg: NATO перадасць засакрэчаную інфармацыю абаронным заводам і ЕЗ
- 26.01.2025, 17:47
- 4,006
Звесткі будуць раскрываць паступова, у працэсе іх апрацоўкі і абнаўлення.
NATO плануе перадаць абароннай прамысловасці частку сваіх сакрэтных звестак, каб вызначыць, якое ўзбраенне і тэхніку павінны вырабляць краіны-сябры. Пра гэта ў нядзелю, 26 студзеня, паведамляе Bloomberg, спасылаючыся на крыніцы.
Са слоў суразмоўцаў агенцтва, Альянс распрацоўвае спосаб бяспечнай перадачы абагульненых звестак, каб матываваць кампаніі павялічваць вытворчыя магутнасці.
Для гэтага кроку краіны NATO павінны дасягнуць згоды. Са слоў адной з крыніц, пастанову могуць прыняць ужо ў найбліжэйшыя месяцы.
Таксама паведамляецца, што NATO пачало абмен некаторымі сакрэтнымі стандартамі з Еўразвязам. Праз сакрэтнасць звесткі будуць раскрываць паступова, у працэсе іх апрацоўкі і абнаўлення.
Вайсковыя стандарты NATO накіраваны на ўзгадненне дзеянняў узброеных сіл краін-сябраў і забеспячэнне іх узаемадзеяння. Яны могуць тычыцца, напрыклад, адзіных калібраў узбраення ці агульнай вайсковай тэрміналогіі.
Гэтыя звесткі могуць дапамагчы ЕЗ узгадніць стандарты як у вайсковай сферы, так і для тэхналогій падвойнага прызначэння, такіх як радыёчастоты.
NATO нядаўна перадало ЕЗ стандарты для несакрэтных матэрыялаў. Еўракамісар у пытаннях абароны Андрус Кубілюс назваў гэтую пастанову "беспрэцэдэнтным" крокам даверу.
Як паведамляюць крыніцы агенцтва, гэты крок ініцыяваў генеральны сакратар NATO Марк Рутэ. Былы прэм'ер-міністр Нідэрландаў засяродзіўся на ўмацаванні сувязей паміж NATO і ЕЗ пасля ўступлення на пасаду ў кастрычніку.
Акрамя таго, Рутэ заклікаў еўрапейскую абаронную прамысловасць павялічыць аб'ёмы вытворчасці ўзбраенняў.