Кая Калас: Беларускі народ заслугоўвае рэальнае права голасу
10- 26.01.2025, 21:37
- 4,888
Гэтыя выбары не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі.
Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кая Каллас назвала "выбары" прэзідэнта Беларусі фіктыўнымі, падкрэсліўшы, што яны не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі, а беларускі народ заслугоўвае рэальнае права голасу ў дачыненні да таго, хто кіруе іх краінай.
Заява апублікаваная на афіцыйным сайце Еўрапейскага Звязу.
"Бязлітасныя і беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў дачыненні да правоў чалавека, абмежаванні ўдзелу ў палітычным жыцці і доступу да незалежных СМІ ў Беларусі пазбавілі выбарчы працэс якой-небудзь легітымнасці", - канстатавала Калас.
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі заклікала беларускі рэжым вызваліць усіх палітычных зняволеных "неадкладна і безумоўна" і нагадала, што больш за тысячу чалавек, уключаючы супрацоўніка Прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу, утрымліваюць у зняволенні ў Беларусі беспадстаўна.
Калас таксама назвала яшчэ адным доказам адсутнасці пераканаўчасці беларускіх “выбараў” тое, што беларускі рэжым надумаў запрасіць Арганізацыю ў бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе/Бюро ў дэмакратычных інстытутах і правах чалавека толькі за 10 дзён да іх.
“З гэтых прычын, а таксама з-за ўдзелу беларускага рэжыму ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны і яе гібрыдных атаках на яе суседзяў, ЕЗ будзе працягваць уводзіць абмежавальныя і мэтанакіраваныя меры супраць рэжыму, адначасова фінансава падтрымліваючы грамадзянскую супольнасць, беларускія дэмакратычныя сілы на эміграцыі, і беларускую культуру”, - адзначыла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі.
Яна запэўніла, што ЕЗ гатовы падтрымаць Беларусь у стабілізацыі яе эканомікі і рэфармаванні яе інстытутаў, як толькі яна пачне дэмакратычны пераход.
“Дэмакратыя патрабуе свабодных, сумленных і празрыстых выбараў, якія адбываюцца ў грамадстве, дзе пануюць правы чалавека, без абмежаванняў свабоды сходаў ці слова і ў якім плюралістычныя сродкі масавай інфармацыі могуць працаваць свабодна. У Беларусі гэта не так. ЕЗ на баку беларускага народа, і нашая падтрымка ў яго імкненні да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі, як часткі мірнай і квітнеючай Еўропы, з'яўляецца непахіснай”, — рэзюмавала Калас.