Андрэй Саннікаў: Лукашэнка сядзеў у бункеры
- 27.01.2025, 16:58
- 17,148
Тады быў вялікі шанец змяніць уладу.
У дзень так званых «выбараў», 26 студзеня, «Радыё Рацыя» спытала лідара «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава, ці быў рэальны шанец змяніць уладу ў 2010 годзе, калі апазіцыйны палітык быў кандыдатам у прэзідэнты:
- Рэальны шанец быў, і мы гэты шанец бачылі. Я заўсёды гавару, што ў 2010 годзе адбылося паўстанне, і мы прапаноўвалі перамовы. Прапаноўвалі перамовы тым людзям, якія былі ва ўладзе. Шчыра кажучы, да нас прыходзілі людзі, якія таксама непублічна хацелі, каб гэта адбылося.
У турме КДБ мы разам са Змітром Бандарэнкам спрабавалі працягваць гэтую лінію: што будзе эканамічны крызіс, трэба нешта рабіць, трэба ратаваць краіну, трэба ратаваць незалежнасць. Шанец быў, і шанец быў вялікі. Але Лукашэнка быў настолькі напалоханы, што ўпершыню, седзячы ў бункеры, ён аддаў загад выкарыстоўваць сілу ўжо ў дзень «выбараў». Раней гэтага не было. Ён чакаў, пакуль з'едуць назіральнікі, пакуль з'едуць журналісты. Галоўнае для яго зло - гэта назіральнікі і журналісты.
- Ці добра тое, што ў 2010 годзе было так шмат кандыдатаў у прэзідэнты? Можа, лепей было тады аб'яднацца?
- Не, аб'яднацца было немагчыма, таму што былі фэйкавыя кандыдаты. Мы ведалі іх, гэта не да мяне пытанне, бо мы ведалі, што ў нас наймацнейшая каманда, а Лукашэнка будзе рабіць усё, каб нас нейтралізаваць. Бо ў нашай камандзе былі ўсе знакавыя апазіцыйныя фігуры. Мы ведалі, што рабілі. Астатнія... Гэта на іх сумленні, таму што, не сабраўшы подпісы, яны пайшлі і згулялі разам з Лукашэнкам.
Я не думаю, што гэта нешта змяніла, бо ён відавочна саступіў на тых выбарах. Было бачна, што ён не набраў 50%. Пра гэта сведчылі і тыя, хто назіраў, тады яшчэ была магчымасць гэта рабіць.
- Ці сабралі астатнія кандыдаты 100 тысяч подпісаў? Той жа Рымашэўскі, Раманчук, Статкевіч?
- Я ведаю, што не сабралі. Рымашэўскі дакладна не сабраў. Хіба што Някляеў сабраў.
Да Статкевіча ў мяне няма пытанняў, бо Статкевіч ішоў ваяваць, і мы былі разам, мы былі аднадумцамі. Калі вы заўважылі, мы былі разам з ім на плошчы. Мы пайшлі да ўваходу ў дом урада. Някляева збілі, іншыя зніклі, мы засталіся. І зноў жа, гэта на сумленні астатніх.
Я дакладна ведаю, хто сабраў і хто не сабраў, бо мы размаўлялі з тымі людзьмі, якія займаліся зборам подпісаў іншых кандыдатаў.