Асад падклаў Лукашэнку свінню
5- Віктар Пастноў
- 27.01.2025, 17:23
- 38,664
Колькі б воўк не валок, павалакуць і воўка.
Расейскі публіцыст Віктар Пастноў піша для The Moscow Times пра наступствы «выбараў» у Беларусі для Лукашэнкі:
- Здавалася б, што ў гэтай кампаніі можа пайсці не так? Але свінню падклаў Башар Асад. 95%, намаляваных сірыйскаму дыктатару на аналагічных «выбарах», не выратавалі яго ад краху і пакінулі непрыемны паслясмак у іншых тыранаў.
Лукашэнка, які абмежаваўся «сціплымі» 86,82%, не прамінуў заступіцца за калегу-ўзурпатара («Ніякі Асад не дыктатар. Ён лячыў людзей, ніколі нікога не забіваў») і назваў тое, што здарылася, урокам для Беларусі. Урок сапраўды ёсць і палягае ён у тым, колькі б воўк не валок, павалакуць і воўка. Надыходзіць момант, гвалт ужо не ратуе рэжымы.
Калі што і паказалі «выбары» ў Беларусі, дык гэта поўную адсутнасць энтузіязму ў грамадстве ў падтрымцы Лукашэнкі. Акцыі-імітатары былі зрэжысаваныя і матываваныя — не столькі пернікам, колькі пугай.
Публіцыст піша, што прапановы Лукашэнкі «пасябраваць» з ЕЗ не знаходзяць у Бруселі водгуку:
- Беларусь там цяпер успрымаецца многімі палітыкамі не як самастойны суб'ект, а як "задні двор Расеі". Таму ціхія, але шматлікія сігналы з Менска застаюцца без адказу.
На Усходзе ў Лукашэнкі таксама не ўсё гладка. Анансаваны на сярэдзіну студзеня візіт у Кітай не адбыўся. Магчыма, ён не скасаваны, а перанесены (па адной з версій, прычынай таму стаў «свіны грып» у правадыра Беларусі), але ўсё адно непрыемна.
А з КНДР і зусім прыляцеў бізун. У адказ на заяву Лукашэнкі, што Пхеньян прапанаваў сустрэчу на вышэйшым узроўні, Кім Е Чжон, сястра паўночнакарэйскага дыктатара, выступіла са зняпраўджваннем, даволі крыўдна падкрэсліўшы больш чым двухгадовыя беспаспяховыя спробы Менска напрасіцца ў госці.
Прывязка да Расеі ў моманце дапамагае беларускім уладам падтрымліваць стабільную эканамічную сітуацыю. Але адначасова з'яўляецца крыніцай самых розных пагроз. Таму Лукашэнку ў ідэале хацелася б вярнуцца ў часы, калі ён балансаваў паміж РФ, ЕЗ і Кітаем. Але на гэтым этапе гэта выглядае маларэальным.
Унутры краіны Лукашэнка таксама мала што новага здольны прапанаваць. Яго ўсё больш зносіць «назад у СССР». Даходзіць да анекдатычнага: нядаўна Лукашэнка запатрабаваў «вывучыць досвед савецкага гандлю», які, калі і можа служыць прыкладам, то выключна адмоўнай уласцівасці: татальны дэфіцыт, масавае хамства прадаўцоў і г.д.
Фізічнае здароўе дыктататра лепшым не становіцца. Усё часцей з'яўляюцца кадры, на якіх бачна, што Лукашэнка перасоўваецца з цяжкасцю. Можна сказаць, што на свой сёмы тэрмін ён не ідзе, а клыпае.
Вонкава становішча выглядае стабільным — як за Брэжневым, якога Лукашэнка раптоўна згадаў, размаўляючы з журналістамі пасля наведвання ўчастка для галасавання. Але засыханне правадыра, а разам з ім і персаналісцкага рэжыму, ужо пачалося. І гэты працэс незваротны.