Беларускі пасажырскі самалёт пераляцеў закрытую паветраную прастору Украіны?
15- 27.01.2025, 17:18
- 13,728
Борт «Белавіі» зафіксавалі над гарачымі месцамі.
У небе над Украінай быў заўважаны загадкавы пасажырскі самалёт, які пераляцеў закрытую паветраную прастору. Паводле звестак сэрвісу Flightradar24, 24 студзеня ва ўкраінскай паветранай прасторы быў зафіксаваны рэйс беларускай авіякампаніі «Белавія». Самалёт праляцеў над Данецкай вобласцю.
Борт BRU736 з рэгістрацыйным нумарам B2736E195 вылецеў з Тбілісі і прызямліўся ў Менску а 07.10. Цягам трох з паловай гадзін палёту, як паказала мапа, ён пераляцеў закрытую паветраную прастору Украіны і праляцеў над горадам Ліманам.
Варта адзначыць, што праз вайну з Расеяй паветраная прастора Украіны закрытая для мірных авіярэйсаў, і самалёты вымушаныя абыходзіць тэрыторыю краіны, каб пазбегнуць рызыкі быць збітымі.
Аднак, сістэмы маніторынгу часта фіксуюць пасажырскія самалёты над Украінай. Гэта можа быць выкліканае наўмысным скажэннем каардынат, тэхнічнымі збоямі наземных станцый, перашкодамі GPS, дзеяннямі радыёэлектроннай барацьбы або памылкамі ў апрацоўцы звестак маніторынгавымі сэрвісамі.