«Пуцін – псіхапат і параноік»
4- 4.01.2025, 9:14
- 13,476
Якія мэсэджы пасылае расейскі дыктатар Дональду Трампу?
Расейскі дыктатар Пуцін, прадаўжаючы штодзённыя абстрэлы Украіны нават у Новы год і Раство, магчыма, спрабуе паказаць абранаму прэзідэнту ЗША Дональду Трампу тое, што яго не баіцца. Аднак Трамп не будзе апускацца да таго ўзроўню, каб рэагаваць на «мэсэджы», таму што разумее: сіла ЗША не сувымерная з сілай РФ з вайсковага гледзішча.
Пра гэта ў новым выпуску «Аналіз тыдня» на OBOZ.UA сказаў украінскі палітык і дыпламат, экс-амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны. Аднак ключавым матывам паводзінаў Трампа з'яўляюцца грошы. Ён імкнецца зрабіць Амерыку багатай, і сябе таксама.
Паводле словаў дыпламата, паводзіны Пуціна немагчыма зразумець людзям, якія жывуць у дэмакратычнай краіне, таму што ён з'яўляецца псіхапатам і параноікам.
«Што да пэўных мэсэджаў Трампа, то сілы занадта неадпаведныя з гледзішча вайскова-тэхнічнага ўзроўню. ЗША на парадак вышэйшыя, гэта дэманструе нават гэтая вайна. Звярніце ўвагу, Украіне пастаўляецца абсталяванне перыяду вытворчасці 80-х, 70-х гадоў, распрацоўкі 60-х гадоў. Прычына зразумелая – за гэтым стаіць так званая кропельная дапамога, якая выходзіць з дактрыны рэгуляванай эскалацыі. Таму ў гэтым сэнсе наўрад ці нават у думках Дональд Трамп апускаецца да гэтага ўзроўню», – сказаў Бяссмертны.
На ягонае перакананне, Пуцін хоча пазбавіць Трампа ключавой мэты, з якой ён ішоў у палітыку. Абраны прэзідэнт хоча зрабіць Амерыку багатай і хоча зрабіць багатым сябе.
«Вайна, як вы разумееце, для яго незразумелая рэч. Ён не ведае, што Амерыка як Амерыка адбылася пасля Першай і Другой сусветнай вайны. Амерыку ніхто ва ўпор не бачыў да Першай сусветнай вайны як краіну ўплыву. Яна з'явілася, таму што зарабіла моцныя, цвёрдыя грошы па наступствах гэтых войнаў. Трамп гэтага не ведае. Ён будуе зусім іншую сістэму. А калі пакласці гэта яшчэ на тое, што цяперашні свет іншы, то ўвогуле тут узнікне праблема перад дзяржаўным курсам, які мае дзяржаўную дактрыну, якую павінны вызнаваць ЗША. Ізаляцыянізм у свеце, дзе кітайцы адкрыліся, выглядае проста неадэкватна», – дадаў дыпламат.