Налёт дронаў на Пецярбург: Аэрапорт «Пулкава» зачынілі другі раз за дзень
6- 4.01.2025, 9:34
- 11,294
Рэйсы часова не прымаюцца і не выпраўляюцца.
У аэрапорце Пулкава (Санкт-Пецярбург, РФ) раніцай у суботу, 4 студзеня, увялі абмежаванні на палёты самалётаў. План «Дыван» у гэтай паветранай гавані ўводзяць ужо другі раз з пачатку дня.
Пра гэта паведамляе Astra і іншыя расейскія Telegram-каналы.
Першы раз у аэрапорце Пулкава пасля паўночы таксама не дазвалялі самалётам здзейсніць пасадку і вылет.
Расейскія медыя заяўлялі, што тады абмежаванні ўводзілі «ў мэтах бяспекі».
Пры гэтым пазней губернатар Ленінградскай вобласці расказаў, што ў рэгіёне сродкамі СПА нібыта быў збіты адзін беспілотнік.
Цяпер раніцай у Расавіяцыі расказалі, што рэйсы часова не прымаюцца і не выпраўляюцца «для гарантавання бяспекі».
«Для гарантавання бяспекі палётаў цывільных паветраных караблёў сёння з 07:45 МСК на працу пецярбургскага аэрапорта Пулкава ўведзеныя часовыя абмежаванні. Паветраная гавань часова не прымае і не выпраўляе авіярэйсы. Экіпажы ПС, авіядыспетчары і службы аэрапорта ўжываюць усе неабходныя захады для гарантавання бяспекі палётаў – гэта прыярытэт», – гаворыцца ў заяве ўстановы.
Як піша Telegram-канал Shot, раніцай у піцерскім аэрапорце другі раз за дзень увялі план «Дыван». Пры гэтым цяпер 6 бартоў, якія ішлі на пасадку, знаходзяцца ў зоне чакання ў раёне Ладажскага возера.
Паводле папярэдніх звестак, у «Пулкаве» абмежавалі працу праз пагрозу нападу з ужываннем беспілотнікаў.