«Мы не Расея, едзь у Маскву»: У Славакіі ўспыхнулі пратэсты супраць Фіца
3- 4.01.2025, 10:13
- 12,792
Тысячы чалавек выйшлі на вуліцы Браціславы.
У Браціславе ўспыхнуў маштабны антыўрадавы пратэст на фоне паездкі прэм'ер-міністра краіны Роберта Фіца ў Маскву. На вуліцу выйшлі больш за 4 тысячы чалавек, паведамляе «Дыялог.UA».
Людзі пратэставалі супраць прарасейскай палітыкі свайго ўраду. Яны скандавалі: «Фіца, едзь у Маскву», а таксама «Мы не Расея». Яны выйшлі з плакатамі, на якіх намаляваны перакрэсленыя сімвалы расейскай агрэсіі ва Украіне – літары Z. Іншыя плакаты абвяшчалі: «Мы не расейская ануча», «Славакія, сцеражыся, акупацыя пачалася», «Здрада», «Мы – Еўропа» і іншае.
У канцы снежня 2024 года Фіца скіраваўся ў Маскву, дзе сустрэўся з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным. Ключавой тэмай гэтай паездкі было пытанне спынення транзіту расейскага газу праз Украіну, што паставіла Славакію ў складанае становішча.
Пасля размовы з кіраўніком РФ прэм'ер Славакіі высунуў некалькі пагрозаў на адрас Украіны, патрабуючы прадаўжэння паставак газу. Ён, сярод іншага, пагражаў спыніць пастаўкі электрычнасці ва Украіну, а таксама ўрэзаць выплаты ўкраінскім уцекачам.
Візіт Фіца ў Маскву выклікаў вострае асуджэнне не толькі ў ЕЗ і Украіне, але і ў яго роднай Славакіі. Апазіцыя абвінаваціла Фіца ў збліжэнні з Расеяй і грэбаванні інтарэсамі нацыянальнай бяспекі.
Паказальна, што, паводле звестак выдання Dennik N, пасля сустрэчы з Пуціным Фіца так і не вярнуўся ў Браціславу. Ён перастаў з'яўляцца на публіцы і, як мяркуецца, ужо два тыдні знаходзіцца ў пяцізоркавым гатэлі Capella Hanoi у В'етнаме. Нумар, у якім можа адпачываць славацкі прэм'ер, паводле звестак журналістаў, каштуе €6,2 тыс. за ноч.