Арына Сабаленка прабілася ў фінал турніру ў Брысбене
9- 4.01.2025, 13:20
- 2,966
Беларуская тэнісістка ўзяла рэванш у 17-гадовай расейкі.
Першая ракетка свету прабілася ў фінал турніру катэгорыі WTA-500 у аўстралійскім Брысбене. У паўфінале Арына Сабаленка перамагла расейку Міру Андрэеву – 6:3, 6:2.
Да паўфіналу Арына не саступіла ў Брысбене ніводнага сэту. Беларуска была мацнейшай за мексіканку Рэнату Сарасуа (75-ы нумар рэйтынгу) – 6:4, 6:0, прадстаўніцу Казахстана Юлію Пуцінцавую (29) – 7:6, 6:4, а таксама чэшку Мары Баўзкову (44) – 6:3, 6:4.
Але наступная спаборніца, здавалася, зробіць больш сур'ёзны супраціў. 17-гадовая Міра Андрэева не толькі знаходзіцца ў топ-20 рэйтынгу (16-я пазіцыя), але і перамагла ў Сабаленкі ў апошнім матчы гэтых спаборніц. Расейка паднесла сенсацыю ў чвэрцьфінале леташняга «Ралан Гарос». Хоць постфактум Арына скардзілася на болі ў страўніку.
У першым сэце лідарка рэйтынгу пры ліку 4:3 зрабіла брэйк і, няхай і з цяжкасцю, але не дазволіла Андрэевай адказаць тым жа – 6:3. У другой партыі Сабаленка ўзяла чужую падачу ў трэцім гейме. А вось Міра так і не рэалізавала ніводнага брэйк-пойнту. Калі беларуска была за крок ад паразы сваёй падачы, то гуляла лімітава сабрана. Лік другога сэту – 6:2 на яе карысць.
У фінале Сабаленка сустрэнецца з яшчэ адной расейкай – Палінай Кудэрметавай (107).