Уначы ў Беларусь заляцела не менш за восем расейскіх беспілотнікаў
3- 4.01.2025, 15:37
- 4,680
Яны рухаліся курсам на Брагін і Хойнікі.
У ноч з 3 на 4 студзеня сама менш восем расейскіх «Шахедаў» зайшло на тэрыторыю Беларусі.
Усе дроны-камікадзэ зайшлі ў паветраную прастору Беларусі з тэрыторыі Украіны, паведамляе «Белсат» са спасылкай на маніторынгавую групу «Беларускі Гаюн».
Уваход дронаў адбыўся ў Палескім запаведніку, яны рухаліся курсам на Брагін і Хойнікі, а таксама праходзілі праз так званы беларускі калідор.
Усе ўваходы фіксаваліся з 23:51 да 00:59. Пры гэтым авіяцыя ў неба не паднімалася.
Нагадаем, што цягам снежня ў Беларусь зайшлі ўсяго 145 расейскіх дронаў. Усяго ж за 2024 год было зафіксавана 395 беспілотнікаў – гэта рэкордная колькасць з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.