«Лібійская справа»: суд пачынае слуханне новай справы Сарказі
5- 6.01.2025, 14:11
- 6,388
Экс-прэзідэнту Францыі пагражае да 10 гадоў турэмнага зняволення.
Працэс у дачыненні да экс-прэзідэнта Францыі Нікаля Сарказі паводле так званай «лібійскай справы», звязанай з меркаваным фінансаваннем яго прэзідэнцкай кампаніі 2007 года з боку тагачаснага кіраўніка Лібіі, дыктатара Муамара Кадафі, адкрываецца ў панядзелак, 6 студзеня.
Як піша французская медыякампанія RFI на сваім сайце, «працэс у Парыжскім крымінальным судзе, запланаваны на 2025 год, абяцае быць адным з самых значных у сучаснай гісторыі Францыі».
Паводле звестак пракуратуры, Муамар Кадафі перадаў амаль 50 млн еўраў на падтрымку выбарчай кампаніі Сарказі 2007 года. «Гэтая сума значна перавышае ліміт, устаноўлены французскім заканадаўствам», – паказвае RFI.
Абвінавачанні ў дачыненні да былога прэзідэнта Францыі ўключаюць пасіўную карупцыю, незаконнае фінансаванне выбарчай кампаніі, растрату дзяржаўных сродкаў і ўдзел у злачыннай супольнасці. У выпадку прызнання вінаватым яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення свабоды.
Акрамя самога Сарказі, на лаве падсудных знаходзяцца яшчэ 11 фігурантаў гэтай справы, у тым ліку трох экс-міністраў.
69-гадовы экс-прэзідэнт Францыі адмаўляе выстаўленыя супраць яго абвінавачанні. «У перадвыбарнай кампаніі няма ніякага лібійскага фінансавання», - гаворыцца ў заяве яго адваката. - Мы хочам верыць, што ў суда дастаткова смеласці аб'ектыўна разгледзець факты без туманных тэорый, якія атруцілі расследаванне».
Франка-лібанскі бізнэсовец Зіяд Такіедзін, які, на думку абвінаваўцаў, быў пасярэднікам пры перадачы Кадафі сродкаў на кампанію Сарказі ў форме гатоўкі, вывезеных з Лібіі і перададзеных супрацоўнікам французскага МУС у чамаданах, уцёк у Лібан і не будзе прысутнічаць у судзе.
Чакаецца, што працэс паводле «лібійскай справы» прадоўжыцца да 10 красавіка 2025 года.
Нікаля Сарказі займаў пасаду прэзідэнта Францыі з 2007 да 2012 года. 18 снежня 2024 года Касацыйны суд Парыжа адмовіўся змяніць пастанову Апеляцыйнага суда ў дачыненні да Сарказі, якая прадугледжвае год рэальнага пазбаўлення волі па іншай справе - аб карупцыі, гандлі ўплывам і ціску на следства.
Судовы працэс паводле гэтай справы, ніяк не звязанай з «лібійскай», пачаўся ў канцы лістапада 2020 года. Ён звязаны з падазрэннямі, што палітык, ужо займаючы пасаду прэзідэнта, спрабаваў паўплываць на ход расследавання справы аб ахвяраваннях ад суўладальніцы касметычнай кампаніі L'Oreal, мільярдэркі Ліліян Бетанкур, і выкарыстоўваў гэтыя грошы для фінансавання сваёй выбарчай кампаніі ў 2007 годзе.