Байдэн уручыў Клінтан, Мэсі і іншым Прэзідэнцкі медаль
13- 6.01.2025, 20:42
- 5,366
Адной з найвышэйшых узнагародаў у ЗША ўганараваныя ў агульнай колькасці 19 чалавек.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абраў 19 чалавек для ўручэння адной з найвышэйшых узнагародаў краіны – Прэзідэнцкага медаля Свабоды, паведаміла прэс-служба Белага дому ў суботу, 4 студзеня. «Гэтыя 19 чалавек – вялікія лідары, якія зрабілі Амерыку і свет лепшым», – гаворыцца ў паведамленні. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў той самы дзень.
Сярод узнагароджаных – музыка Бона, экс-дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан, актор Майкл Джэй Фокс, баскетбаліст Ірвін «Мэджык» Джонсан, мадэльер Ральф Ларэн, футбаліст Ліянэль Мэсі, мільярдэр Джордж Сорас, актор Дэнзэл Вашынгтон і галоўная рэдактарка амерыканскага выдання часопіса Vogue Ганна Вінтур.
Чатыром з 19 лаўрэатаў Прэзідэнцкі медаль Свабоды прысуджаны пасмяротна. Гэта міністр абароны ў адміністрацыі Барака Абамы Эштан Картэр, які памёр у 2022 годзе, грамадзянская актывістка Фані Лу Хеймер, якая памерла ў 1979 годзе, міністр жыллёвага будаўніцтва ў адміністрацыі Рычарда Ніксана Джордж Ромні, які памёр у 1973 годзе, і былы генеральны пракурор Роберт Кенэдзі, забіты ў 1968 годзе.