Сербія разарвала частку абаронных кантрактаў з Расеяй
4- 8.01.2025, 20:18
- 4,882
Праз санкцыі.
Сербскія ўлады разарвалі частку кантрактаў у сферы вайсковага супрацоўніцтва з Расеяй, яшчэ частку адклалі на нявызначаны час. Пра гэта заявіў кіраўнік Генштаба Сербіі генерал Мілан Майсіловіч у інтэрв'ю парталу «Вячэрнія навіны».
Паводле ягоных словаў, нават пасля накладання санкцый на Расею Бялград знайшоў спосаб забяспечыць устойлівыя і гнуткія пастаўкі расейскага ўзбраення дзякуючы ліцэнзаванай ягонай вытворчасці ў іншых краінах. Ён адзначыў, што сербскае войска сёння можа арганізаваць высокага ўзроўню тэхабслугоўванне, аднаўленне запчастак для значнай часткі гэтага ўзбраення.
«Што да [новых] паставак зброі з Расейскай Федэрацыі, то на цяперашні момант гэта практычна немагчыма. Мы спрабуем знайсці спосаб пераадолення новастворанай сітуацыі дыпламатычным шляхам. Мы скасавалі некаторыя пагадненні і адклалі іншыя ў надзеі, што сітуацыя ў міжнародных стасунках на глабальным узроўні нармалізуецца і дазволіць рэалізаваць пагадненні», – адзначыў генерал.