Грамадзянін Індыі заявіў, што яго ўзялі ў закладнікі і катавалі ў Беларусі
8- 8.01.2025, 20:41
- 15,112
Ён хацеў патрапіць у Нямеччыну, але апынуўся ў беларускіх лясах.
У Індыі паліцыя штату Хар'яна распачала расследаванне супраць кампаніі, якая дапамагае індыйцам міграваць у іншыя краіны, паведамляе «Радыё Свабода». Гэта адбылося пасля скаргі індыйца Маджыда Ахмада, які рушыў у Нямеччыну, але апынуўся ў беларускіх лясах. Ягоную гісторыю расказала выданне The Indian Express.
Сям'я Ахмада падала скаргу ў паліцыю яшчэ ў верасні 2024 года, калі ён вярнуўся з Беларусі. Аднак зарэгістравалі яе толькі 6 студзеня 2025-га, калі бацька мужчыны заявіў, што ў Беларусі яго катавалі запаленымі цыгарэтамі.
Маджыд хацеў з'ехаць за мяжу і разам з бацькам Сардарам Ахмадам 1 жніўня 2024-га звярнуўся ў фірму, якая рэкламавала такую паслугу. Яго паабяцалі адвезці праз Расею ў Нямеччыну прыкладна за 10 тысячаў даляраў. Палову фірма ўзяла як перадаплату, а рэшту сказалі аплаціць пасля прыезду Маджыда ў Нямеччыну.
12 жніўня індыец прызямліўся ў Расеі і трымаў сувязь з сям'ёй да 18 жніўня, пасля чаго ягоны тэлефон быў адключаны. Сям'я звярнулася ў кампанію, якая займалася перапраўкай Маджыда – там запэўнілі, што ўсё ў парадку. «29 жніўня агенты злучылі мяне з Маджыдам праз тэлефон. Маджыд папрасіў нас выплаціць астатнія грошы турагентам, заявіўшы, што ён знаходзіцца ў Нямеччыне», – сказаў бацька. Пасля гэтага сям'я заплаціла фірме рэшту грошай.
А яшчэ праз два тыдні, 12 верасня, Маджыд патэлефанаваў бацьку з незнаёмага нумара. Ён сказаў, што нейкія людзі з турагенцтва ўзялі яго ў закладнікі і адвезлі ў лес Беларусі. «Маджыд пацярпеў ад нападу, катаванняў запаленымі цыгарэтамі і голаду. Ён расказаў нам, што раней казаў, што знаходзіцца ў Нямеччыне, праз страх. Выкрадальнікі таксама забралі 700 даляраў, якія ў яго былі, і кінулі яго ў лесе. Нейкія людзі адвезлі яго ў мясцовую лякарню», – расказаў падрабязнасці гісторыі ягоны бацька.
Сям'я набыла Маджыду авіяквіток дадому, куды ён вярнуўся 21 верасня 2024 года. Пасля медабследавання яны напісалі заяву ў паліцыю пра махлярства з боку фірмы, а таксама пра збіццё і катаванні Маджыда ў лесе.
У індыйскім выданні не паведамляецца, ці спрабаваў Маджыд Ахмад перайсці беларускую мяжу. Як адзначае «Радыё Свабода», за час ад прыбыцця індыйца ў Расею да моманту званка са шпіталя беларускія памежнікі не паведамлялі пра знойдзеных на мяжы грамадзянаў Індыі.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ прадаўжаецца з вясны 2021 года. Рэжым Лукашэнкі не ўтрымлівае мігрантаў ад спробаў нелегальна перайсці мяжу.