Байдэн заявіў, што перамог бы на выбарах 2024 года
37- 8.01.2025, 21:23
- 9,092
Прэзідэнт ЗША пашкадаваў, што выйшаў з гонкі.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, паўнамоцтвы якога на пасадзе заканчваюцца менш чым праз два тыдні, перакананы, што перамог бы свайго спаборніка на выбарах Дональда Трампа, калі б сам раней не выйшаў з гонкі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю USA Today.
«Дзёрзка так казаць, але думаю, што так, зыходзячы з апытанняў», – адказаў ён на пытанне, ці мог ён перамагчы ў лістападзе, калі б не зняўся ў ліпені.
Байдэн удакладніў, што на папярэдніх выбарах у 2020-м, калі яму сапраўды ўдалося абысці Трампа, «сапраўды думаў, што ў мяне самыя высокія шанцы перамагчы». «Але я таксама не хацеў быць прэзідэнтам, калі мне будзе 85–86 гадоў. І таму я загаварыў пра перадачу эстафеты», – дадаў ён.
Байдэн абвясціў, што здымае сваю кандыдатуру з прэзідэнцкіх выбараў 21 ліпеня 2024 года. Замест сябе ён прапанаваў вылучыць кандыдаткай Камалу Гарыс.
Трамп тады ацаніў выхад Байдэна з гонкі словамі «найгоршы прэзідэнт у гісторыі».