9 студзеня 2025, Чацвер, 21:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Insider: ГРУ фінансавала тэракты супраць вайскоўцаў ЗША ў Афганістане

4
The Insider: ГРУ фінансавала тэракты супраць вайскоўцаў ЗША ў Афганістане

Сталі вядомыя імёны ключавых фігур.

Цягам многіх гадоў Галоўная выведвальная ўправа РФ плаціла розным тэрарыстычным групоўкам у Афганістане за тэракты, накіраваныя супраць вайскоўцаў і дыпламатаў ЗША, а таксама войскаў кааліцыі. Як гаворыцца ў супольным расследаванні The Insider і Der Spiegel, для аплаты «паслуг» расейскія спецслужбы ўтрымлівалі сетку афганскіх кур'ераў, замаскаваную пад фірму, якая гандлюе каштоўнымі камянямі.

Так, у перыяд з 2016 да 2020 года ў Афганістане адбылася серыя крывавых тэрактаў, накіраваных супраць амерыканскіх жаўнераў і сіл кааліцыі. Нападзенні скончыліся, калі Дональд Трамп падчас сваёй першай прэзідэнцкай кадэнцыі ў пачатку 2020 года ўклаў угоду з талібамі аб вывадзе амерыканскіх войскаў. Тады амерыканскі прэзідэнт указаў на серыю забойстваў вайскоўцаў ЗША, але ён не згадаў, што спецслужбам ЗША і Афганістана было вядома, што гэтыя тэракты фінансавала Расея.

У 2020 годзе ў прэсу патрапіў выцек дакладу амерыканскіх спецслужбаў аб тым, як расейскія ўлады плацілі талібам за забойства жаўнераў заходняй кааліцыі. Тады кіраўніцтва «Талібана» зняпраўдзіла абвінавачанні, таксама інфармацыю не пацвердзіў і Белы дом. Паменшыў пазней значэнне справаздач выведвальных службаў і пераемнік Трампа Джо Байдэн, заявіўшы аб іх «узнікненні на довадах нізкага або сярэдняга ўзроўню».

Аднак журналісты пішуць, што спецслужбы Афганістана падалі ўладам ЗША важкія факты існавання такога фінансавання. Пры гэтым і амерыканскія і афганскія спецслужбы мала ведалі аб людзях, якія кіравалі праграмай з Расеі.

Расследавальнікі змаглі ідэнтыфікаваць афіцэраў, якія хаваюцца за кодавымі імёнамі - імі апынуліся супрацоўнікі вайсковай часткі 29155, вядомай па гісторыі аб атручванні Скрыпаля і дыверсіях у Еўропе.

Тры былыя афганскія высокапастаўленыя супрацоўнікі Управы нацыянальнай бяспекі, незалежна адзін ад аднаго, расказалі журналістам, што тэракты ў афганскіх гарадах фінансаваліся Расеяй.

З іх слоў, Расея спрабавала ўмешвацца ў сітуацыю ў краіне адразу пасля стварэння Часовай адміністрацыі Афганістана ў снежні 2001 года. Тады праграма правалілася і пасрэдніцкія паслугі ў стасунках з камандзірамі «Талібана» для паставак ім расейскай зброі і грошай прапанаваў Іран. Такім чынам ГРУ пачало вербаваць асобных баевікоў, пастаўляць зброю і боепрыпасы праз Таджыкістан і, нарэшце, фінансаваць тэракты.

Канчаткова пацвердзіць інфармацыю ўдалося ў сярэдзіне 2019 года падчас допытаў затрыманых баевікоў «Талібана». Па слядах гэтых допытаў УНБ удалося арыштаваць больш за 10 чалавек з правінцый Кабул, Кундуз і Логар, якія працавалі на ГРУ ў якасці кур'ераў і перавозілі грошы пад кіраўніцтвам былога кантрабандыста з Кундуза па імені Рахматула Азізі.

Фармальна Азізі ўзначальваў кампанію па гандлі каштоўнымі камянямі ў Афганістане, зарэгістраваную на імя яго бацькі. Падчас ператрусаў у доме Рахматулы Азізі былі знойдзеныя, як сцвярджаецца, 650 тысяч даляраў.

Як удалося даведацца расследавальнікам, кіраўніком «праграмы» ў ГРУ быў генерал-лейтэнант Іван Касьяненка, намеснік камандзіра часці 29155. Да 2008 года ён служыў вайсковым аташэ ў Тэгеране і не пазней за 2015 год быў пераведзены ў Кабул. Галоўным сувязным ГРУ з талібамі быў палкоўнік Аляксей Архіпаў, які карыстаецца дакументамі на імя Аляксея Цітова. Трэцім ключавым удзельнікам праграмы, паводле звестак журналістаў, быў яшчэ адзін вайсковец часткі 29155 Арцём Рубцоў.

Узнагароджанні агулам складалі па 200 тысяч даляраў за кожнага забітага салдата ЗША або кааліцыі, гавораць ва УНБ Афганістана. Паводле папярэдніх падлікаў агулам Расея заплаціла толькі талібам амаль 30 млн даляраў. Значныя сумы атрымлівалі і іншыя групоўкі, якія на той момант канфліктавалі з афганскім урадам.

Для перадачы грошай афганскім групоўкам ГРУ, паводле інфармацыі расследавальнікаў, выкарыстоўвала сетку афганскіх кур'ераў. Адным з такіх кур'ераў і быў Рахматула Азізі, завербаваны, як сцвярджаецца, расейскай спецслужбай не пазней за 2015 год. У тым жа годзе ён атрымаў расейскі пашпарт «серыі ГРУ» на імя нібыта народжанага ў Астрахані Рахіма Ахмадава.

Адзін з былых супрацоўнікаў афганскага УНБ сказаў The Insider, што афіцыйнаму расследаванню схемы фінансавання талібаў расейскімі спецслужбамі перашкаджалі ўрадавыя чыноўнікі, якія з невядомых прычын хацелі закрыць расследаванне - «магчыма, праз карупцыю, магчыма, праз нейкія інтарэсы, звязаныя з Расеяй». Яшчэ адным дэматывавальным фактарам для расследавання ў Афганістане стала адмова ўрада ЗША прызнаць існаванне праграмы ўзнагародаў.

«Звесткі аб датычнасці Расеі да фінансавання тэрактаў пацвярджалі некалькі службаў на падставе розных крыніц інфармацыі, так што довады гэтай праграмы былі ў наяўнасці. Бракавала толькі пэўных імёнаў», - заявіў у сваю чаргу супрацоўнік выведкі ЗША.

З яго слоў, нежаданне адназначна абвінаваціць Расею ў подкупе тэрарыстаў з мэтай забойства амерыканскіх вайскоўцаў «было выкліканае не адсутнасцю інфармацыі, а «адсутнасцю прыярытэту, можа быць, нават мужнасці».

Пасля таго як да ўлады прыйшлі талібы, паводле звестак The Insider, ГРУ працягнула супрацоўнічаць з прадстаўнікамі групоўкі, але ўжо афіцыйна. Дакументы з пошты аднаго з афіцэраў ГРУ, якія вывучылі расследавалі, паказваюць, што талібы, дарэчы, звярталіся да ГРУ з просьбай дапамагчы даставіць у Афганістан «скрадзеныя верталёты і самалёты» (яны цяпер знаходзяцца ў Таджыкістане і Пакістане), «навучыць супрацоўнікаў службы бяспекі» і «аднавіць абаронныя магчымасці» краіны.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках