Катастрофа ў Лос-Анджэлесе: агонь дабраўся да Галівуду і пагражае «Оскару»
11- 9.01.2025, 12:34
- 7,322
Ужо вядома аб пяці загінулых, яшчэ 100 тысяч чалавек павінны эвакуявацца.
Лясныя пажары ў Лос-Анджэлесе распаўсюдзіліся на Галівуд, а 100 000 чалавек атрымалі загад аб эвакуацыі. Пра гэта паведамляе Reuters.
Паводле інфармацыі агенцтва, праз пажар загінулі 5 чалавек. Агонь знішчыў сотні жылых дамоў і амаль цалкам знясіліў рэсурсы пажаратушэння і водазабеспячэння.
Як паведамляецца, тушэнне пажараў абцяжарвае сухі ўраганны вецер.
«Гэты агністы шторм - самы вялікі», - пракаментавала мэр Лос-Анджэлеса Карэн Бас.
Увечары 8 студзеня на выпаленых Галівудскіх узгорках успыхнуў новы пажар. Цяпер у акрузе Лос-Анджэлеса іх лютуе мінімум шэсць.
Пажарная служба Лос-Анджэлеса выдала загад аб эвакуацыі людзей у раёне Галівудскага бульвара, Малхаланд Драйв і Лорэл Каньён Бульвар - усё гэта знакавыя адрасы для індустрыі забаў. У гэтым раёне знаходзіцца і тэатр «Долбі», дзе праходзіць цырымонія ўручэння прэміі «Оскар». Арганізатары адклалі абвяшчэнне намінантаў на два дні. Таксама паведамляецца, што агонь знішчыў дамы галівудскіх актораў Адама Броўдзі і Лейтан Містэр.
Шкода ад пажараў у Лос-Анджэлесе ўжо ацэньваецца на 50 мільярдаў даляраў.
«Мы сутыкнуліся з гістарычнай прыроднай катастрофай», - заявіў дырэктар па кіраванні надзвычайнымі сітуацыямі акругі Лос-Анджэлес Кевін Макгоўэн.
Як паведамляецца, праз стыхію засталіся без энэргазабеспячэння блізу 300 000 дамоў і прадпрыемстваў, а школы скасавалі заняткі. На барацьбу з агнём таксама перакінулі тысячу ратавальнікаў з суседніх штатаў.