10 студзеня 2025, Пятніца, 0:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам прапанавалі новую вакцыну ад COVID-19

19
Беларусам прапанавалі новую вакцыну ад COVID-19

Дзе яе вырабілі?

У Беларусі для вакцынацыі ад каранавіруса пачалі выкарыстоўваць новы прэпарат «Канвасэл». Пра гэта паведаміла намесніца галоўнага лекара па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч.

З яе слоў, асаблівасць вакцыны палягае ў тым, што яна дзейнічае на нуклеакапсідны бялок, які мала схільны да зменлівасці, паведаміла дзяржагенства minsknews.by. Дзякуючы гэтаму, «Канвасэл» можна ўважаць за «ўніверсальную» вакцыну, эфектыўную супраць розных штамаў SARS-CoV-2.

Прэпарат стварылі на аснове рэкамбінантнага N-бялку ў Расеі, на базе Санкт-Пецярбуржскага НДІ вакцын і сыроватак Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва (ФМБА). Паводле звестак вытворцы, эфектыўнасць вакцыны склала 85,2%. Яна валодае «спрыяльным профілем бяспекі». Як адзначылі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, якія наведалі вытворчасць у верасні 2023 года, амаль 70% часу пры стварэнні вакцын ідзе на кантроль якасці і бяспекі.

Каму рэкамендуецца прышчэплівацца ў першую чаргу?

Вакцынацыя супраць COVID-19 у першую чаргу рэкамендаваная асобам з груп рызыкі:

Людзям з аслабленым імунітэтам, у тым ліку з ВІЧ-інфекцыяй, аўтаімуннымі і анкалагічнымі захворваннямі;

Асобам, старэйшым за 60 гадоў;

Тым, хто знаходзіцца або працуе ва ўстановах з бесперапынным знаходжаннем (напрыклад, дамах састарэлых).

Вакцынавацца ад COVID-19 могуць бясплатна ўсе грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18 гадоў, якія не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў. Для гэтага неабходна звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства.

У Беларусі пашырылі ахоп вакцынацыяй

Як паведаміла намеснік міністра — галоўны дзяржсанурач Беларусі Святлана Нячай, у Нацыянальны каляндар прышчэпак унеслі тры важныя змены.

Вакцынацыя супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ): уводзіцца для дзяўчынак ва ўзросце 11 гадоў. Першая доза будзе ўводзіцца ў красавіку-маі, другая - у кастрычніку-лістападзе 2025 года.

Пашырэнне ахопу вакцынацыяй супраць пнеўмакокавай інфекцыі: зараз прышчэпліваць будуць дзяцей ва ўзросце 2, 4 і 12 месяцаў.

Бустарная вакцынацыя супраць коклюшу: уводзіцца бустэрная (паўторная) вакцынацыя дзяцей ва ўзросце 6 гадоў.

Ва ўстановах аховы здароўя пачалі запіс у "лісты чакання" для жадаючых прывіць сваіх дзяцей. Пасля закупкі вакцын беларусаў запросяць на планавую імунізацыю, паведаміў ТГ-канал Міністэрства аховы здароўя.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках