Іранскі генерал накінуўся з абвінавачваннямі на Пуціна
12- 9.01.2025, 16:03
- 14,818
Праз тое, што Расея не спыніла паўстанцаў у Сірыі.
Расея не дапамагла спыніць апазіцыйныя групоўкі ў Сірыі, калі яны пачалі захопліваць гарады, падкантрольныя сілам прэзідэнта Башара Асада. Расейскія вайскоўцы і сам Уладзімір Пуцін падманулі і Тэгеран, і Асада, заявілі высокапастаўлены іранскі генерал і былы дарадца сірыйскага дыктатара.
Адзін з камандзіраў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі брыгадны генерал Бехруз Эсбаці прызнаў крах сірыйскай палітыкі і часткова ўсклаў віну за падзенне ўраду Асада на Маскву. Ягоныя заявы ідуць уразрэз з афіцыйнай пазіцыяй іранскіх, ды і расейскіх уладаў. Выступаючы ў панядзелак у адной з мячэцяў Тэгерана, Эсбаці сказаў:
«Мы пацярпелі паразу, і паразу вельмі сур'ёзную. Нам нанеслі вельмі моцны ўдар, і гэта было вельмі цяжка».
У канцы лістапада 2024 г. тысячы баевікоў паўстанцкіх сілаў, якія кантралявалі правінцыю Ідліб, пачалі наступ на ўрадавыя войскі і занялі другі ў велічыні горад Сірыі Алепа. Расейскія вайскоўцы паведамілі іранскім, што бамбуюць штаб-кватэру групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам», якая ўзначальвала наступ, кажа Эсбаці на аўдыязапісе, які прыводзяць Business Insider i The New York Times (NYT). У рэальнасці ж, паводле ягоных словаў, расейскія самалёты «бамбілі пустыню».
Увогуле апазіцыйным сілам спатрэбілася паўтара тыдня, каб дайсці да Дамаска і скінуць рэжым Асада.
Акрамя таго, заявіў Эсбаці, Расея летась «адключыла радары», што дазволіла Ізраілю наносіць удары па іранскіх мэтах у Сірыі.
Адначасова з генералам былы высокапастаўлены дарадца Асада Камель Сакра паведаміў саудаўскаму інфармагенцтву Al Arabiya, што Пуцін у крытычны момант спыніў дапамогу Сірыі. Падчас візіту ў Маскву праз некалькі дзён пасля пачатку наступу паўстанцаў Асад папрасіў Пуціна асабіста ўхваліць дастаўку ваеннай дапамогі ў Сірыю па паветры, і расейскі лідар пагадзіўся, расказаў у панядзелак Сакра. Даставіць яе павінен быў іранскі самалёт, але, паводле словаў Сакра, Тэгеран паведаміў Асаду, што не атрымліваў ад Крамля ніякіх запытаў. Калі Асад звярнуўся па тлумачэнні ў Маскву, «адказу не было», сказаў Сакр.
Афіцыйныя асобы і ў Тэгеране, і ў Маскве заклікалі не рабіць трагедыі з крушэння рэжыму Асада, які яны падтрымлівалі блізу 10 гадоў. Так, Пуцін на снежаньскай прэс-канферэнцыі заявіў, што Расея дасягнула сваіх мэтаў у Сірыі, і заклікаў не ўважаць тое, што адбылося там, за паразу Масквы. Між тым Эсбаці заявіў: «Я не ўважаю страту Сірыі за тое, чым варта ганарыцца».
Ягоныя крытычныя выказванні ашаламілі іранцаў, тым больш што Эсбаці з'яўляецца адным з найбольш высокапастаўленых камандзіраў, а ў Сірыі ён кіраваў аперацыямі іранскіх сілаў, цесна супрацоўнічаючы з мясцовымі міністрамі і вайскоўцамі, а таксама з расейскімі генераламі, адзначае NYT. Эксперт датычна Сірыі і вядомы тэгеранскі аналітык Мехдзі Рахмаці ў размове з газетай назваў выступ Эсбаці значным, бо ён паказаў, што некаторыя высокапастаўленыя афіцыйныя асобы гатовыя адыходзіць ад прапагандысцкай рыторыкі і прапаноўваць грамадскасці больш праўдзівую інфармацыю:
Усе абмяркоўваюць гэтую прамову і задаюцца пытаннем, чаму ён сказаў гэтыя рэчы, асабліва ў публічным выступе. Ён вельмі выразна выклаў, што адбылося з Іранам і ў якім становішчы той цяпер знаходзіцца. У нейкім сэнсе гэта можа быць папярэджаннем для тых, хто праводзіць унутраную палітыку.