Bloomberg: Параза Украіны абыдзецца ЗША значна даражэй за дапамогу
2- 9.01.2025, 17:23
- 3,384
Падтрымка Украіны адпавядае інтарэсам ЗША.
Перамога Расеі ў вайне запатрабуе павелічэння выдаткаў Пентагона больш чым на 800 мільярдаў даляраў да 2029 года, што значна перавышае выдаткі на пастаўку амерыканскай зброі Украіне, сцвярджае Энтані Капача (пераклад – сайт Charter97.org), карэспандэнт у пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі ў Bloomberg:
– Аналіз, праведзены Амерыканскім інстытутам прадпрымальніцтва (American Enterprise Institute), паказаў, што поспех Пуціна ў гэтай агрэсіўнай вайне перакроіць аблічча Еўропы і падштурхне Расею да пагрозаў на адрас NATO.
ЗША спатрэбіцца павялічыць выдаткі на 808 мільярдаў даляраў, каб стрымаць і, калі неабходна, перамагчы «няядзерны» напад Расеі. Гэтыя грошы зменяць цяперашні пяцігадовы план Міністэрства абароны ЗША да 2029 года да 5,2 трыльёна даляраў з 4,4 трыльёна даляраў, або прыкладна на 165 мільярдаў даляраў за год больш, чым планавалася.
У дакладзе Амерыканскага інстытута прадпрымальніцтва асноўная ўвага аддаецца меркаванаму бюджэту Пентагона «ў сітуацыі, калі Расея перамагае Украіну, і патэнцыйнаму каскаднаму ўздзеянню на бяспеку Амерыкі, выкліканаму тым, што астатнія спаборнікі бяруць прыклад з перамогі Расеі, а міжнародная супольнасць адмаўляецца ад падтрымкі Украіны». «Мы прыйшлі да высновы, што падтрымка Украіны адпавядае інтарэсам Амерыкі з фінансавага гледзішча», – гаворыцца ў дакладзе.
Абраны прэзідэнт Дональд Трамп пакідае магчымасць альбо павялічыць дапамогу Украіне, альбо цалкам спыніць яе. Гэта магчымасць для прымусу як Кіева, так і Масквы да ўрэгулявання канфлікту, піша Энтані Капача:
– Трамп успадкуе больш за 3 мільярды даляраў у рамках «прэзідэнцкіх паўнамоцтваў», якія дазволяць выкарыстоўваць запасы амерыканскай ваеннай тэхнікі для падтрымкі Украіны, калі ягоная адміністрацыя пастановіць скарыстацца такой магчымасцю. Аднак ён не паведамляў, што мае намер прасіць Кангрэс ухваліць далейшую дапамогу.
Адміністрацыя Байдэна рыхтуецца абвясціць пра апошні пакет ваеннай дапамогі Украіне памерам 500 мільёнаў даляраў, згодна з дасведчанымі крыніцамі, гаворыцца ў артыкуле.
«Кароткатэрміновыя выдаткі на дапамогу Украіне ў супрацьстаянні расейскай агрэсіі нашмат меншыя, чым выдаткі, якія прынясе перамога Расеі», – сцвярджае Амерыканскі інстытут прадпрымальніцтва.