Беларусам прапануюць набыць спіртагарэлачны завод
3- 9.01.2025, 18:28
- 4,634
Яго распрадаюць часткамі.
Мноства лотаў у продажы абсталявання Мазырскага спіртагарэлачнага завода заўважыла выданне «Флагшток» на электроннай гандлёвай пляцоўцы. У асноўным гэта ўстаноўкі, ёмістасці і іншае абсталяванне, а найбольш буйныя лоты – будынкі ў Мазырскім раёне побач з МНПЗ. Гэта, сярод іншага, адміністрацыйна-побытавы будынак і інжынерны корпус.
У цэлым за комплекс будынкаў хочуць атрымаць больш за 1 млн рублёў (больш за 300 тысячаў даляраў). Абодва будынкі мяркуючы з фатаграфіяў яшчэ нядаўна выкарыстоўваліся.
Пабудовы маюць плошчу больш за 4 тысячы квадратных метраў. Патэнцыйнаму пакупніку прапануецца выкарыстоўваць іх «для будаўніцтва і абслугоўвання».
Памер усёй рэалізаванай маёмасці налічвае некалькі мільёнаў рублёў. Завод распрадае цэхі, трубаправоды, цыстэрны, тысячы адзінак шклотары, ачышчальныя збудаванні і нават пажарную частку.
У інфармацыі пра лоты ўказана, што прадпрыемства-прадавец знаходзіцца ў статусе банкруцтва. Сайт прадпрыемства даступны і прапануе разнастайную прадукцыю: ад моцных алкагольных напояў да антысептыку. Хоць мяркуючы з распродажу аб'ектаў, ад інфраструктуры завода амаль нічога не засталося і для вытворчасці захаваныя толькі невялікія памяшканні.