У РФ зрабілі справаздачу пра рэкорднае за 15 гадоў падзенне перавозак грузаў
2- 9.01.2025, 21:08
- 2,592
РЧ трэці год запар перажывае рэзкае скарачэнне грузаперавозак на фоне санкцый.
Расейская чыгунка трэці год запар перажывае рэзкае скарачэнне грузаперавозак на фоне санкцый, якія ўдарылі па экспарце, і росту складанасцяў з кіраваннем рухам цягнікоў, паведамляе The Moscow Times.
Паводле вынікаў 2024 года пагрузка на сеткі РЧ упала на 4,1%, да 1,181 млрд тонаў – самага нізкага ўзроўню за апошнія гады, вынікае са статыстыкі транспартнай манаполіі.
У фізічным выразе РЧ перавезла на 51 млн тонаў менш грузаў, праваліўшы першапачатковы план (1,265 млрд тонаў) амаль на 7%, а тэмпы спаду перавозак былі большыя, чым за першы і другі год вайны разам узятыя (-3,7% у 2022 годзе, -0,1% у 2023-м).
У мінусе, згодна з чыгуначнай статыстыкай, 12 з 15 таварных пазіцый, з якімі працуе РЧ. Перавозкі вугалю – галоўнага грузу чыгуначнікаў, на які прыпадае амаль траціна ўсіх перавозак, – аселі на 5,4% пасля таго, як вугальнікі сутыкнуліся з абвальным падзеннем экспарту і былі вымушаныя скараціць здабычу да мінімуму з пандэміі 2020 года.
Пагрузка чорных металаў упала на 9,2% на фоне праблемаў з вывазам за мяжу ў найбуйнейшых металургічных кампаній. Перавозкі лесу, якія ў 2023 годзе абрынуліся на 14,2% праз эмбарга ЕЗ, скараціліся яшчэ на 2,2%. Абвал на 14,5 адсотка РЧ зафіксавалі ў сегменце будаўнічых грузаў. Перавозкі збожжа знізіліся на 4,6% пасля таго, як аграрыі праз непагадзь і замаразкі страцілі блізу 20 млнаў тон ураджаю.
Павялічыліся, паводле статыстыкі РЧ, толькі перавозкі коксу (2,3%), угнаенняў (6,2%), а таксама кантэйнерных грузаў (1,1%). Прычыны абвалу – самага зруйнавальнага з глабальнага фінансавага крызісу 2008/09 – гэта скарачэнне сыравіннага экспарту і праблемы з лакаматывамі ў РЧ, пішуць аналітыкі MMI.
Акрамя таго, у чыгунак нарастаюць складанасці з кіраваннем сеткай, якая не спраўляецца з разваротам эканомікі на Усход: сярэдняя хуткасць руху цягнікоў РЧ летась упала да мінімуму з 1991 года – 34,5 км/г, а колькасць кінутых цягнікоў, якія прастойваюць без руху, стала вылічацца тысячамі. Праз заторы, нястачу вагонаў і транспартнага калапсу на сетках РЧ у Расею не змаглі завезці блізу 80 млн тонаў імпартных грузаў, палічылі ў Асацыяцыі марскіх гандлёвых партоў.
Праблемы ў лагістыцы перавозак і сістэме РЧ у цэлым стварае і яшчэ адзін чыннік, пра які не прынята гаварыць – гэта прыярытэт ваенных грузаў, пішуць аналітыкі MMI.
Маштабныя планы мадэрнізацыі сеткі РЧ тым часам адкладаюцца ў доўгую скрыню праз нястачу грошай у бюджэце, якому сёлета трэба будзе выдаткаваць кожны трэці рубель на вайну. Інвестпраграма транспартнай манаполіі, якая ўключае ў тым ліку выдаткі на капітальныя будоўлі, у 2025 годзе ўрэзаная на 37% – з 1,3 трлн да 834 млрд рублёў, прычым амаль усе грошу пойдуць на падтрыманне цяперашняй дзейнасці кампаніі.
Інвестыцыі ў мадэрнізацыю БАМа і Транссіба, каб павялічыць прапускную здольнасць чыгункі на ўсходзе, плануецца зменшыць у 5 разоў – да 75 млрд рублёў. Выдаткі на развіццё падыходаў да партоў еўрапейскай часткі РФ пры гэтым будуць практычна замарожаныя.