18 красавiка 2025, Пятніца, 13:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мільённыя актывы «Беларуськалія» пойдуць на карысць Украіны

6
Мільённыя актывы «Беларуськалія» пойдуць на карысць Украіны

Беларускае прадпрыемства пазбаўленае права на кампенсацыю.

Вышэйшы антыкарупцыйны суд (ВАКС) 9 красавіка задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Украіны да ААТ "Беларуськалій" аб выкарыстанні санкцый у выглядзе спагнання ў даход дзяржавы актываў падсанкцыйнай асобы, піша "Позірк".

Украінскае ведамства паведаміла ўвечары 10 красавіка, што, паводле пастаноў ВАКС, спагнана больш за 70 тысяч тон хлорыстага калію; грашовыя сродкі на суму больш за 250 млн грыўняў у эквіваленце (звыш 6 млн даляраў), 1,545 чыгуначных вагонаў, 48% статутнага капіталу ТАА “АГРАРАСКВЕТ”, сузаснавальнікам якога з'яўляецца Беларуская калійная кампанія.

На падставе закона Украіны "Аб перадачы, прымусовым адчужэнні або канфіскацыі маёмасці ва ўмовах прававога рэжыму ваеннага або надзвычайнага становішча" беларускае прадпрыемства пазбаўленае права на кампенсацыю кошту прымусова адчужанай маёмасці.

Судовая пастанова можа быць абскарджаная ў парадку, прадугледжаным Кодэксам адміністрацыйнага судаводства Украіны.

Украінскі Мінюст заявіў, што згаданае прадпрыемства з'яўляецца "вядучым дзяржаўным вытворцам калійных угнаенняў у Беларусі і адным з найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў у бюджэт Рэспублікі Беларусь, якая поўнасцю кантралюецца яе палітычнай верхавінай, у тым ліку непасрэдна Аляксандрам Лукашэнкам".

“ААТ “Беларуськалій” сваімі дзеяннямі спрыяе вядзенню вайны супраць Украіны, праз фінансава-гаспадарчыя дачыненні з прадпрыемствамі вайсковага прамысловага комплексу расейскай федэрацыі і акупацыйнымі адміністрацыямі самаабвешчаных “ДНР” і “ЛНР”, - падкрэсліла ведамства.

Акрамя таго, гаворыцца ў паведамленні, "кампанія давала транспартныя сродкі і памяшканні для знаходжання ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з часова акупаваных тэрыторый на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, а таксама прымала ўдзел у арганізацыі і фінансаванні мер, накіраваных на падтрымку палітыкі дзяржавы-агрэсара ў адмаўленні права ўкраінскага народа на самаідэнтыфікацыю".

Міністэрства выказала ўдзячнасць за прадстаўленую інфармацыю Галоўнай управк выведкі Міністэрства абароны Украіны, Службе замежнай выведкі, Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры, Нацыянальнаму антыкарупцыйнаму бюро, Офісу генпракурора, Бюро эканамічнай бяспекі.

Пра тое, што Мінюст Украіны падаў у суд пазоў аб прымяненні да прадпрыемства "Беларуськалій" абмежавальных мер, прадугледжаных законам "Аб санкцыях", стала вядома 13 сакавіка.

15 лістапада мінулага года Агенцтва па вышуку і менеджменце актываў Украіны аб'явіла аб рэалізацыі 30,431 т арыштаванага раней беларускага калію. Пасля па выніках сямі аўкцыёнаў ён быў практычна поўнасцю распрададзены. Усе сродкі ад рэалізацыі арыштаваных актываў традыцыйна накіроўваюцца на ўзмацненне эканомікі і абараназдольнасці Украіны.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках