«Мне гэта дапамагло вырасці як чалавеку і як гульцу»
- 11.04.2025, 16:26
- 1,278

Ілля Протас расказаў, якія стасункі ў яго са старэйшым братам Аляксеем.
Ілля Протас - малодшы брат нападніка «Вашынгтона» Аляксея Протаса. Мінулым летам 18-гадовага нападніка таксама выбралі на драфце «Кэпіталз». Сезон ён праводзіць у юніёрскай лізе Антарыё, дзе стаў другім бамбардзірам рэгулярнага чэмпіянату, набраўшы 124 балы ў 61 матчы. Яго каманда «Віндзар» зараз гуляе ў плэй-оф. На рахунку Іллі 6 матчаў, 18 (3+15) балаў, карыснасць «+10». Напярэдадні старту другога раунда форвард даў інтэрв'ю карэспандэнту «ВсеПроСпорт», у якім распавёў, якія дачыненні ў яго са старэйшым братам Аляксеем.
— Вы расказвалі, што летам трэніраваліся з братам у Віцебску. Вы ўсё жыццё разам трэніруецеся?
- Да гэтага заўсёды трэніраваліся паасобку, бо ў нас розніца ва ўзросце, ды і ў мяне былі раней зборы з камандамі. Я пачынаў сезон у сярэдзіне ліпеня, а ён у верасні. Мінулым летам нашыя графікі супалі. Сёлета таксама будзем разам. Думаю, зараз усе перадсезонныя перыяды разам будзем праводзіць. Ужо розніца ва ўзросце не адчуваецца. Мне здаецца, мы вельмі зблізіліся, калі я падрос. Мне гэта дапамагло вырасці як чалавеку і як гульцу.
- Калі вы былі маладзейшыя, якія ў вас былі стасункі?
- Было спаборніцтва. Я заўсёды быў такім гарэзай. Аляксей заўсёды мяне вучыў і ставіў на месца. Ён для мяне заўсёды быў прыкладам. Гэта найлепшы брат, тут ніякіх пытанняў. З ранняга ўзросту я на яго заўсёды раўняўся.
- Вы з братам моцна адрозніваецеся па характары? Які вы? Які ён?
- Ён больш спакойны, рацыянальны. З ранняга ўзросту ён быў настаўнікам для мяне. А я больш энэргічны. Але агулам мы падобныя.