«У такой сітуацыі Пуцін не вытрымае»
6- 13.04.2025, 11:59
- 9,440

Кіраўнік РФ гуляе з агнём і можа атрымаць ультыматум.
У NATO занепакоеныя тым, што Расея можа размясціць ядзерную зброю ў космасе. Для Пуціна наступствы такіх пагрозаў могуць быць незваротнымі.
Генерал войска, экс-кіраўнік Службы замежнай выведкі Украіны Мікалай Маламуж у эфіры 24 Канала распавёў, што вывад ядзернай зброі ў космас - гэта ўжо самы высокі ўзровень ядзернай канфрантацыі, які можа прывесці да краху чалавецтва. Аб гэтым ведаюць усе сусветныя лідары, у першую чаргу сам Дональд Трамп, бо падчас яго першай кадэнцыі гэтыя пытанні актыўна разглядаліся.
Тады быў зняты фільм пра ядзерную вайну, у тым ліку касмічны аспект, дзе паказанае знішчэнне ўсяго чалавецтва.
«Зямля нібыта ператвараецца ў мёртвы Месяц. Нічога не застанецца. Гэта бачыў і Сі Цзіньпін, гэта бачылі на форуме 135 краін свету, і асабіста Трамп, прынамсі, у Хельсінкі, калі ён сустракаўся з Пуціным, і ім дэманстравалі гэтую мадэль вайны. Таму Пуцін усведамляе, на што ідзе. Ён рэгулярна пагражае ядзернай зброяй, прынамсі, магчымасцю вываду ядзерных сродкаў на арбіту», - сказаў Мікалай Маламуж.
ЗША рыхтаваліся да пагрозы
Ён дадаў, што гэта ўжо перадумова да рэальнай вайны. Прэзідэнт ЗША заявіў, што ЗША маюць усе сродкі, якія могуць нейтралізаваць намаганні Расеі.
«Ён проста не сказаў пра космас, але я дадаю - і ў космасе таксама. Расея ўжо даўно пагражае спадарожнікамі з ядзерным узбраеннем. Але ЗША не стаялі на месцы - рыхтаваліся», - растлумачыў Маламуж.
Ён дадаў, што за Міхаілам Гарбачовым была канцэпцыя «зорных войнаў» і стратэгічнага шчыта. Сёння гэта ўжо рэальнасць: ЗША маюць сродкі, якія могуць знішчыць такія спадарожнікі да таго, як яны паспеюць ужыць зброю. Гаворка ідзе і аб іх абясшкоджванні, і аб баявым ужыванні - гэта зусім іншы ўзровень, які прадугледжвае выразны пратакол дзеянняў.
«Тэарэтычна, калі Расея наважыцца на гэта - хоць гэта малаімаверна - на яе будуць ціснуць усе: Кітай, Індыя, NATO, ЗША. Устане пытанне: ці зможа выжыць чалавецтва. І вінаватым будзе Пуцін. Свет аб'яднаецца і яго дацісне - як стратэгічна, так і ўнутры самой Расеі. Пуцін гуляе з агнём», - сказаў Мікалай Маламуж.
Ён дадаў, што Пуцін можа зараз пагражаць, актыўна распаўсюджваць інфармацыю аб тым, што нібыта рыхтуе такія сродкі - каб напалохаць, прымусіць дамаўляцца, шукаць кампрамісы. Хоць ёсць міжнародныя дамоўленасці, якія ён падпісваў - уключаючы Джо Байдэна ў пачатку яго кадэнцыі. Першым пагадненнем паміж імі было якраз пагадненне аб ядзерным стрымліванні, у тым ліку і ў космасе. Раней, пасля распаду СССР, Расея як правапераемніца СССР абавязвалася не размяшчаць ядзерную зброю ў космасе.
Маламуж перакананы, што чым больш Пуцін будзе нагнятаць, тым выразней будзе фармавацца стратэгія сусветнага супраціву, і не толькі з боку NATO.
«Ён стане дакладна вызначаным ворагам. І тады з'явіцца ўльтыматум: ці ты спыняеш сваю агрэсію па ўсіх кірунках, ці супраць цябе аб'ядноўваецца ўвесь свет - уключаючы вайсковы і ядзерны фармат. У такой сітуацыі Пуцін не вытрымае. Ён ніколі не пераможа і будзе знішчаны, калі будзе гуляць не паводле правіл, дзейнічаючы на мяжы фолу - выводзячы ядзерныя сродкі на арбіту або дэманструючы магчымасць удару», - сказаў Маламуж.
Якая самая вялікая пагроза
Генерал войска патлумачыў, што тэарэтычна можна нейтралізаваць частку спадарожнікаў у космасе. Ядзерная зброя ў космасе ўяўляе сабой ударную хвалю, якая ў вакууме амаль не распаўсюджваецца. Радыяцыя - там ужо і так павышаны фон, спадарожнікі адаптаваны. А вось электрамагнітны імпульс - гэта сапраўдная пагроза. Ён можа дзейнічаць на сотні кіламетраў, выводзіць са строю спадарожнікі, сістэмы кантролю, Starlink, іншыя сістэмы сувязі. Калі там будзе выбух - наступствы будуць катастрафічнымі.
«Паражальныя фактары, якія суправаджаюць выкарыстанне такой зброі, - гэта звышмагутная радыяцыя і электрамагнітны імпульс. Яны ствараюць глабальную пагрозу: узнікае магутны энэргетычны «пакет», які можа асляпляць людзей, а таксама знішчаць усё, што знаходзіцца ў зонах дзеяння, напрыклад, на тых тэрыторыях, над якімі пралятае спадарожнік і з якіх ажыццяўляецца запуск. Але гэта мы зараз гаворым на ўзроўні тэорыі», – сказаў Мікалай Маламуж.
Ён падсумаваў, што гэтыя фактары не з'яўляюцца ўсепаглынальнымі, бо спадарожнікі могуць быць адсочаныя яшчэ да моманту размяшчэння і актывацыі баявых часцей ядзернай зброі. Менавіта ў гэтым палягае ключ да стрымлівання - нейтралізаваць пагрозу на этапе падрыхтоўкі, да таго, як яна стане незваротнай.
Расейскія ракеты атакавалі цэнтр Сум, дзе было шмат людзей у Вербніцу
Ужо вядома аб 21 загінулым і 20 параненых.
Расейскае войска ў Вербную нядзелю атакавала цэнтр Сум. Вядома ўжо пра больш як 40 пацярпелых - загінулых і параненых.
Аб гэтым піша РБК-Украіна са спасылкай на Telegram кіраўніка МУС Украіны Ігара Кліменку.
«Проста ў цэнтр горада Расея патрапіла балістыкай. Менавіта тады, калі на вуліцы было шмат людзей. Свядомае знішчэнне мірнага насельніцтва ў вялікае царкоўнае свята», - распавёў ён.
Паводле звестак Кліменкі, з першых хвілін на месцы паражэнняў прыбылі ратавальнікі і паліцыянты.
«Шмат ахвяр. Паводле папярэдніх звестак, 21 чалавек загінуў і яшчэ сама меней 20 параненыя на гэтую хвіліну», - адзначыў кіраўнік МУС.
З яго слоў, людзі пацярпелі проста пасярод вуліцы, у аўтамабілях, грамадскім транспарце, у дамах. Паліцыя абмежавала доступ да зоны паражэння.