У Кітаі трэці дзень шалее шторм
3- 13.04.2025, 17:20
- 4,512

Праз непагадзь скасавалі авіярэйсы і цягнікі.
Халодны фронт, які абрынуўся на поўнач Кітая з 11 красавіка, прынёс моцныя вятры, што прывяло да маштабных папярэджанняў пра небяспеку надвор'я, прыпынення перавозак і захадаў экстраннага рэагавання. Пра гэта паведамляе China.org.
З 17-й пятніцы да поўдня суботы 109 метэастанцый у Пекіне зафіксавалі парывы ветру сілай больш як 10 балаў (24,5–28,4 м/с), а 296 станцый зарэгістравалі вецер сілай 9 балаў і вышэй (20,8–24,4 м,с). Паводле звестак муніцыпальных метэаралагічных службаў, парывы ветру сілай большай за 10 балаў былі зафіксаваныя ў 13 раёнах сталіцы, уключаючы Хайдзянь, Чаоян і Фэнтай. Паведамляецца, што моцны вецер валіў дрэвы і пашкоджваў транспартныя сродкі.
Для арганізацыі грамадскай бяспекі Пекін часова закрыў 15 адрэзкаў надземнай чыгункі, што закранула ў агульнай колькасці 106 станцый і больш за 200 кіламетраў шляхоў. Міжгароднія высакахуткасныя цягнікі Пекін – Цяньцзінь і звышхуткасныя цягнікі паміж Пекінам і такімі буйнымі гарадамі, як Шанхай, Гуанчжоу і Харбін, а таксама некаторыя няхуткасныя пасажырскія цягнікі, якія праходзяць праз горныя раёны, часова прыпынілі рух у нядзелю праз штармавы вецер.
У Пекіне два аэрапорты скасавалі сотні рэйсаў, запланаваных на суботу, а паўмарафон з удзелам гуманоідных робатаў, які павінен быў адбыцца ў нядзелю, перанесены на 19 красавіка.
Закрытыя шматлікія паркі і музеі, у тым ліку Летні палац, Храм Неба і парк Бэйхай, а таксама прыпыненая запраўка на аўтазаправачных станцыях і нафтабазах. Шэраг музеяў, у тым ліку Нацыянальны музей Кітая, абвясцілі ў суботу ўвечары, што застануцца зачыненымі ў нядзелю.