У Гомелі самотны мужчына надумаў завесці сабе сябра і папросту яго скраў
2- 14.04.2025, 10:42
- 5,486

Што было далей?
У Гомелі мужчына надумаў завесці сабе сябра і скраў хаскі, свой учынак ён патлумачыў самотай. Але суд яго гісторыя не расчуліла. Падрабязнасці парталу "Белка" распавялі ў пракуратуры Гомеля.
Інцыдэнт адбыўся снежаньскай раніцай на Сельмашы. Мясцовы жыхар ішоў па вуліцы і звярнуў увагу на хаскі, прывязанага ля ганка буйнога гандлёвага цэнтра. Праз паўгадзіны, вяртаючыся назад па тым жа маршруце, зноў убачыў гадаванца і надумаў забраць яго сабе.
Не паспеў гамяльчук прывесці новага сябра дадому і накарміць, як на парозе з'явіліся праваахоўнікі.
Гаспадыня зніклага сабакі звярнулася ў міліцыю, і супрацоўнікі аператыўна выявілі злодзея праз камеры відэаназірання.
Мужчына віну прызнаў. Паводле ягоных слоў, ён збіраўся пакінуць сабаку сабе ў якасці свойскагв гадаванца, бо сяброў і сваякоў у яго няма, з-за чаго яму вельмі самотна.
- Улічваючы, што абвінавачаны ўжо быў судзімы сем разоў, а апошняя судзімасць не знятая і не адбытая, суд Чыгуначнага раёна прызначыў яму пакаранне ў выглядзе трох месяцаў арышту з прымусовым лячэннем ад хранічнага алкагалізму і наркаманіі, - распавяла, чым скончылася гэтая гісторыя, намесніца пракурора Гомеля.