23 красавiка 2025, Серада, 17:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі ўвялі паслабленні на ўвоз сэканд-хэнда

2
У Беларусі ўвялі паслабленні на ўвоз сэканд-хэнда
Фота: dpa

Ці ёсць эфект і што будзе далей.

У канцы сакавіка ўрад дазволіў увозіць у Беларусь сэканд-хэнд з Літвы. Прадпрымальнікі расказалі «Белсату», як гэта адбілася на іхнім бізнэсе і ці ёсць шанец, што сітуацыя яшчэ палепшыцца.

У канцы сакавіка Саўмін выключыў з пераліку тавараў, якія трапляюць пад забарону на ўвоз з Літвы, пазіцыю "адзенне і іншыя вырабы, якія былі ва ўжыванні".

Пры гэтым санкцыі ЕЗ застаюцца, гэта значыць везці адзенне наўпрост з Нямеччыны ўжо не ўдасца. Але ўлады Беларусі не перашкаджаюць абыходным шляхам, і ў прадпрымальнікаў з'явілася новая прастора для схем лагістыкі і гандлю.

«Раней той тавар, што ўсё роўна трапляў да нас праз Казахстан ці Расею, мы павінны былі яшчэ і ўвозіць абыходнымі шляхамі. Цяпер хаця б можна не шукаць пяты кут - будзем гнаць хоць праз берасцейскую або гарадзенскую мытню», - каментуе прадпрымальнік з Гародні.

Нягледзячы на некаторы аптымізм, на поўнае вяртанне да ранейшых парадкаў прадпрымальнікі не разлічваюць.

«Пакуль беларускі рэжым застаецца суўдзельнікам палітыкі Расеі, малаімаверна, што санкцыі знімуць. Гэта азначае, што прамыя пастаўкі з заходніх краін закрытыя і бізнэс змушаны будзе далей карыстацца складанымі і даражэйшымі маршрутамі праз трэція дзяржавы. Лагістычныя выдаткі і мытныя рызыкі (напрыклад, у Казахстане могуць узнікаць пытанні да транзіту вялікіх аб'ёмаў адзення) будуць захоўвацца. Гэта, у сваю чаргу, можа трымаць кошты ў сэкандах на падвышаным узроўні ў параўнанні з дасанкцыйным часам», - разважае прадпрымальнік з Оршы.

З іншага боку, паводле суразмоўцы, ёсць спадзяванні, што кантралёры знізяць ціск на прадпрымальнікаў гэтага сектара: тым больш многія з іх маюць статус ІП або ўвогуле працуюць паводле спрошчаных схем гандлю. Ёсць шанц, што будзе зняты і загад Міністэрства гандлю ад 2022 года, які ўзмацняў санітарныя патрабаванні да сэканд-хэндаў (тады хацелі абавязаць крамы сэканд-хэнда мець дарагое абсталяванне для дэзінфекцыі).

Экспэрты ж прагназуюць, што найбліжэйшыя месяцы колькасць сэканд-хэндаў будзе паступова аднаўляцца. Тыя, хто замарозіў бізнэс зімой, паспрабуюць зноў прывезці тавар - магчыма, невялікімі партыямі, каб ацаніць попыт. Вялікія сеткі, відаць, прадоўжаць экспансію. Напрыклад, «Мегахэнд» ужо анансаваў адкрыццё яшчэ некалькіх гандлёвых пунктаў у абласных цэнтрах. Гэта значыць, што галіна сэканд-хэндаў у Беларусі ажывае, хаця ўжо і не ў такім фармаце, у якім існавала да 2024 года.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках