У Беларусь ідзе пыл з Афрыкі
6- 15.04.2025, 19:44
- 9,094

Вокны мыць пакуль не варта.
У Беларусь паступае пыл, прынесены з Афрыканскага кантынента, паведамілі ў тэматычным Telegram-канале «Надвор'е».
І беларусы гэтую з'яву адчуюць. Праўда, наўрад ці яе наступствы можна будзе назваць крытычнымі.
Менавіта з 15 красавіка вецер у Беларусі паўднёвы і паўднёва-ўсходні сярэдні.
«Разам з паўднёвымі плынямі да нас у рэгіён працягне выносіцца пыл з афрыканскага кантынента. Канцэнтрацыі яго ў паветры прагназуюцца невялікія, усяго 20-50 мкг/м³, але пакінуць брудных разводаў на пярэдняй шыбе (свежамытага) аўто досыць», - папярэдзілі сіноптыкі.
Беларусь не ўпершыню адчувае на сабе такія з'явы. Так, узняты моцным ветрам пыл з пустыняў і стэпаў Казахстана, Узбекістана, Туркменістана і Расеі дасягаў Беларусі 28 і 29 траўня 2024 года.
Тады яе найболей высокая канцэнтрацыя назіралася ў паўднёвых і паўднёва-заходніх раёнах на вышынях 500–1500 м.
Да таго ж зусім хутка Зямлю накрые моцная магнітная бура. Метэазалежныя яе адчуюць ужо 16 красавіка 2025 года.