Названы магчымыя пляцоўкі для пункта пахавання радыеактыўных адкідаў у Беларусі
12- 23.04.2025, 15:15
- 14,224

Дзяржатамнагляд агучыў тры варыянты.
Тры магчымыя пляцоўкі для будаўніцтва пункта пахавання радыеактыўных адкідаў, назваў начальнік управы ў абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі і аб'ектамі ядзернай спадчыны Дзяржатамнагляду Дзмітрый Паўлаў, піша БелТА.
Праца для выбару пляцоўкі для размяшчэння аб'екта ідзе дагэтуль. Спецыялістамі даследуюцца архіўныя і фондавыя матэрыялы і іншая інфармацыя, каб прыняць узважаную пастанову. Для гэтых мэт вывучаецца ўся тэрыторыя краіны. На гэты момант разглядаюцца тры магчымыя пляцоўкі.
Адна з іх - рэгіён размяшчэння Беларускай АЭС. Другая - Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
- Акрамя таго, улічваем перспектывы збудавання іншых ядзерных аб'ектаў, таму разглядаецца магчымасць збудавання пункта пахавання ў Магілёўскай вобласці, - распавёў Дзмітрый Паўлаў.
Для выбару пляцоўкі створаная дзяржаўная ўрадавая камісія, у якую ўвайшлі экспэрты з розных дзяржаўных органаў. Працу ў каардынацыі выканання плана мерапрыемстваў аб збудаванні адсочвае створаная Міністэрствам энэргетыкі міжведамасная працоўная група.