23 красавiка 2025, Серада, 13:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы выкарыстоўваюць хітрыкі, каб хутчэй атрымаць шэнген

1
Беларусы выкарыстоўваюць хітрыкі, каб хутчэй атрымаць шэнген

Стала вядома, якія.

У імкненні атрымаць шэнген беларусы спрабуюць розныя спосабы. Адзін з хітрыкаў - адправіцца ў Расею. Ввысвятляецца, існуюць спецыяльныя аўтобусныя туры для гэтага. Пра плюсы і мінусы падобнага хітрыка «Зеркалу» расказала візавая экспэртка і рэдактарка рэсурсу visaflow.live Настасся Лысакоўская.

Са слоў Настассі Лысакоўскай, ездзіць у Расею, каб падацца на гішпанскі шэнген, беларусы пачалі ў 2022 годзе. Адбылося гэта пасля таго, як Чэхія, Літва і Латвія перасталі прымаць ад нашых грамадзян заявы на турыстычныя візы.

- Гішпанія тады такую магчымасць захавала, але зрабіць гэта можна было толькі ў Расеі, - распавядае суразмоўніца. - Гэтая сітуацыя выклікала попыт на візавыя паездкі, якія неўзабаве аформіліся ў арганізаваныя аўтобусныя туры. Цяпер такія паслугі прапануюць некаторыя турагенцтвы. У асноўным яны менскія. Не скажу, што вельмі шмат хто выкарыстоўвае гэтую функцыю, але ахвочыя ёсць. Асабліва зараз, калі опцый для атрымання візы ўсё менш.

У чым перавага ў атрыманні візы такім спосабам?

Экспэрт кажа, што ў Маскве прасцей запісацца.

- З маіх назіранняў, у візавым цэнтры Масквы даты на запіс вісяць даўжэй, чым у Менску, а значыць, злавіць месца прасцей. Некаторыя гэта робяць самі, хтосьці плаціць і просіць агенцтва іх зарэгістраваць, - тлумачыць кансультантка. - Пры гэтым тэрміны разгляду дакументаў пры падачы ў Беларусі і ў Расеі прыкладна аднолькавыя - блізу чатырох тыдняў. Усё залежыць ад загружанасці консульстваў.

Адзінае, калі чалавек афармляе дакументы праз цэнтр у Менску, супрацоўнікі ўстановы самі перадаюць пашпарт заяўніка ў Маскву. Гэта таксама патрабуе нейкага часу.

Паездка групай на аўтобусе звычайна займае адзін-два дні, кажа Настасся. Гэта выключна дзелавая паездка, гаворыць яна, ніякія экскурсіі на маршруце не прадугледжаныя.

- Кошт тураў вагаецца ад 350 да 600 рублёў, - тлумачыць суразмоўніца. - Кошт уключае запіс на падачу, падрыхтоўку пакета дакументаў, праезд да візавага цэнтра ў Маскве і вяртанне ў Беларусь.

Другі раз ехаць у Расею па пашпарт не абавязкова. Яго могуць вярнуць кур'ерам. Праўда, за гэтую паслугу давядзецца дадаткова заплаціць.

- Пасля падачы на візу чалавек застаецца без пасведчання асобы. Хтосьці чакае час разгляду ў Маскве, хтосьці вяртаецца дадому. І хаця я не чула пра сітуацыі, каб у людзей з-за адсутнасці дакументаў былі непрыемнасці, рабіць так не варта. Гэта няправільна, - падкрэслівае Лысакоўская. — Таму такі спосаб падачы я б рэкамендавала толькі тым, у каго ёсць два біяметрычныя пашпарты. У гэтым выпадку адзін можна аддаць у пасольства, а па другім вяртацца ці чакаць з ім у Расеі.

З назіранняў экспэрткі, гішпанскія консульствы звычайна ставяць шматразовыя візы на адзін-тры месяцы. У рэдкім выпадку на паўгода.

- Адсотак адмоваў даволі невысокі, - сцвярджае Настасся. - Хоць, калі ў заяўніка дрэнная візавая гісторыя, напрыклад, ёсць адмовы ў консульстве Грэцыі, або недастаткова доказаў яго фінансавай заможнасці, шанцы нічога не атрымаць павялічваюцца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках