ДАІ плануе забараніць некаторыя мадэлі ўсесезонных шын
9- 8.04.2025, 12:16
- 6,844

Ведамства правяло аналіз ДТЗ і прыйшло да "пэўных высноў".
У Беларусі могуць забараніць выкарыстанне ўсесезонных шын, якія не пройдуць тэставанне ў зімовых умовах. Пра гэта расказаў начальнік галоўнай управы ДАІ МУС Беларусі Віктар Ротчанкаў.
Як паведамляецца, ДАІ правяла аналіз ДТЗ з удзелам транспартных сродкаў на ўсесезонных шынах і прыйшла да "пэўных высноў". Але пакуль пытанне аб магчымай забароне ўсесезонных шын у Беларусі абмяркоўваецца.
Прадстаўнік Дзяржаўтаінспекцыі не агучыў падрабязнасцяў, але нагадаў, што тэхрэгламент Мытнага саюза забараняе выкарыстанне гумы з маркіроўкай All Seasons. Паводле ягоных слоў, гэта пытанне ўжо абмяркоўвалася пры карэктаванні ПДР.
Зрэшты, татальнай забароны, відаць, не будзе. У ДАІ гавораць, што, калі такая прадукцыя адпавядае каэфіцыенту счаплення зімовым умовам, яе будуць дапускаць да выкарыстання. У адваротным выпадку яна трапіць пад забарону.