23 красавiка 2025, Серада, 15:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бельгійскаму прынцу адмовілі ў сацыяльнай дапамозе

13
Бельгійскаму прынцу адмовілі ў сацыяльнай дапамозе
Ларан Бельгійскі

Cуд у Брусэлі адхіліў пазоў прынца, назваўшы яго неабгрунтаваным.

Прынц Ларан Бельгійскі (малодшы брат караля Філіпа) прайграў судовы працэс паводле справы аб атрыманні сацыяльных выплат у дадатак да свайго каралеўскага гранта, паведамляе Еuronews.

61-гадовы прынц сцвярджаў, што яго статут самазанятага працаўніка павінен даваць яму і яго сям'і права на сацыяльнае забеспячэнне. У 2024 годзе сума выдадзенага прынцу гранта склала 400 тысяч еўраў брута. Акрамя таго, прынц бясплатна арандуе жыллё.

Сваяк караля спрабаваў давесці, што фактычна ён знаходзіцца на дзяржаўнай службе. Напрыклад, цягам апошніх дзесяці гадоў ён кіраваў дабрачыннай арганізацыяй па абароне жывёл.

«Справа не ў фінансавых магчымасцях, а ў прынцыпе», – сказаў Ларан у інтэрв'ю бельгійскай тэлекампаніі RTBF. «Калі мігрант прыязджае сюды, ён рэгіструецца, і ў яго ёсць права на (сацыяльнае) забеспячэнне. Я таксама магу быць мігрантам, але тым, чыя сям'я аднак стварыла дзяржаву», - дадаў ён.

Аднак суд у Брусэлі адхіліў пазоў прынца, назваўшы яго неабгрунтаваным. Суд пастанавіў, што Ларан не можа быць класіфікаваны ні як самазаняты, ні як наёмны работнік. Тым не менш, як адзначаюць СМІ, суддзя, які вядзе справу, заявіў, што прынц павінен мець права на пенсію, але прабелы ў бельгійскім заканадаўстве робяць гэта немагчымым.

Адвакат Аліўе Рыйкэрт паведаміў, што будзе разглядацца магчымасць падачы апеляцыі. Са слоў Рыйкэрта, большая частка дапамогі Ларана ідзе на прафесійныя выдаткі, такія як паездкі і заробак памочніка, у выніку чаго чысты месячны заробак прынца складае блізу 5 000 еўраў.

«Гэтая лічба супастаўная з сярэднім заробкам кіраўніка вышэйшага звяна ў Бельгіі, але без звычайнай поўнай кампенсацыі сацыяльнага страхавання», - заявіў Рыйкэрт у інтэрв'ю Le Soir.

Ларан, у якога трое дарослых дзяцей, выказаў асцярогі з нагоды фінансавай бяспекі сваёй сям'і, бо каралеўская дапамога спыніцца пасля яго смерці. У самога Ларана, адзначае адвакат, у анамнезе ёсць праблемы з дыханнем. Ён пакутаваў ад наступстваў бронхапнеўманіі, якой заразіўся ў 2009 годзе. У 2014 годзе цяжкі выпадак пнеўманіі вымусіў лекараў змясціць прынца ў штучную кому на некалькі дзён. У сакавіку гэтага года яму давялося перанесці аперацыю на плячы.

Прынц Ларан не раз трапляў у непрыемныя сітуацыі і скандалы. У 2018 годзе ў яго канфіскавалі 15% гадавога дзяржаўнага гранта за сустрэчы з высокапастаўленымі замежнымі асобамі без згоды федэральнага ўрада. Гэта была не першая яго правіна, але санкцыі сталіся беспрэцэдэнтнымі.

У 2014 годзе Ларану давялося вярнуць 16 900 еўраў пасля таго, як ён выставіў дзяржаве рахунак за прадукты, лыжны адпачынак і школьныя зборы сваіх дзяцей.

У 2011 годзе Ларан заслужыў гнеў тагачаснага караля Альберта II, калі наведаў Конга, былую калонію Бельгіі, насуперак жаданню свайго бацькі і дзяржавы.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках