УСУ ўдарылі па складах расейскага войска ў Курскай вобласці
- 8.04.2025, 20:24
- 3,076

Таксама былі ліквідаваныя некалькі дзясяткаў салдатаў войска РФ.
Украінскія вайскоўцы нанеслі ўдар па ваенных складах ворага, якія размешчаныя на тэрыторыі Курскай вобласці РФ. Знішчылі абсталяванне і некалькі дзясяткаў салдатаў акупацыйнага войска.
Пра гэта паведамляе Генеральны штаб УСУ.
«7 красавіка 2025 года Паветраныя сілы Узброеных сілаў Украіны нанеслі ўдар па комплексе складскіх памяшканняў, які актыўна выкарыстоўваўся ўзброенымі сіламі Расейскай Федэрацыі ў Азёрах Курскай вобласці», – гаворыцца ў паведамленні Генштаба.
У выніку ўдару былі знішчаныя ангары, некалькі вайсковых будынкаў, а таксама тэхнічнае абсталяванне. УСУ ліквідавалі больш за 30 акупантаў, у тым ліку экіпажы БПЛА і рамонтнікаў.
«Знішчэнне гэтага аб'екта істотна зніжае магчымасці Расейскай Федэрацыі для вядзення баявых дзеянняў супраць падраздзяленняў Сілаў абароны Украіны ў Сумскай вобласці і на Курскім кірунку», – адзначылі вайскоўцы.
У Генштабе адзначылі, што ўкраінскія абаронцы наносяць удары толькі па сапраўдных ваенных цэлях ворага і чыняць усе захады, каб максімальна абараніць цывільных асобаў.
Узброеныя сілы будуць прадаўжаць знішчаць элементы ваеннай інфраструктуры расейцаў да спынення імі ўзброенай агрэсіі супраць украінскага народа, дадалі ў Генштабе.